RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Дэлегацыя Курскай вобласці: мы бачым шмат магчымасцей для ўзмацнення партнёрства і развіцця кааперацыі

Сустрэча намесніка старшыні Магілёўскага аблвыканкама Генадзя Дзенгалёва з дэлегацыяй Курскай вобласці на чале з міністрам прамысловасці, гандлю і прадпрымальніцтва Міхаілам Аксёнавым адбылася 25 кастрычніка ў Магілёўскім аблвыканкаме. Прадстаўнікі Расійскай Федэрацыі наведваюць рэгіён у рамках удзелу ў Міжнародным кааперацыйным форуме па імпартазамяшчэнні.

«Расія і Беларусь увесь час ішлі ў напрамку збліжэння ўсё мацней і мацней. І апошнія гады гэта толькі пацвярджаюць. Таму хацелася б папрацаваць у напрамку пашырэння нашага супрацоўніцтва, каб яшчэ больш зблізіцца. У нас сёння вельмі вялікі фронт магчымасцей для ўмацавання адносін і сумеснага развіцця» - вітаючы ганаровых гасцей, адзначыў Генадзь Дзенгалёў.

Бакі абмеркавалі перспектыўныя напрамкі ўзаемавыгаднага партнёрства і варыянты ўмацавання добрасуседскіх адносін. Так, расійскую дэлегацыю цікавіла ўзаемадзеянне ў сферы будаўніцтва, магчымасць стварэння на тэрыторыі Курскай вобласці вытворчасці ліфтаў і наладжванне кааперацыі з іншымі прадпрыемствамі Прыдняпроўскага краю, развіццё турыстычных маршрутаў.

«Мы бачым шмат магчымасцяў для ўзмацнення партнёрства і развіцця кааперацыі, - падкрэсліў Міхаіл Аксёнаў. – У Курскай вобласці дастаткова актыўна развіваецца сфера будаўніцтва. У нас ужо наладжаны пэўныя кантакты з арганізацыямі з іншых рэгіёнаў Беларусі, таму сёння ў ліку напрамкаў супрацоўніцтва, якія разглядаюцца, мы актыўна абмяркоўвалі і гэта. Наш рэгіён таксама актыўна развіваецца ў прамысловай, сельскагаспадарчай і сацыяльнай сферы. Што сведчыць аб тым, што напрамкаў, у якіх хацелася б узаемадзейнічаць, дастаткова. Тое, што мы сёння тут - гэта працяг рэалізацыі тых дамоўленасцей кіраўнікоў нашых рэгіёнаў, якіх яны дасягнулі ў час сустрэчы ў ліпені бягучага года.

Мы сёння прыбылі для ўдзелу ў форуме «Зроблена ў Расіі. Зроблена ў Беларусі», дзе прадстаўлена больш за дзесятак нашых прадпрыемстваў: гэта і буйныя прамысловыя прадпрыемствы, і суб'екты сярэдняга і малога бізнэсу. Плануем актыўную работу як на форуме, так і ў час наведвання прадпрыемстваў, арганізацый і аб'ектаў Магілёўскай вобласці, каб намеціць далейшыя пункты нашага ўзаемадзеяння. Упэўнены, што паедзем у Курскую вобласць з добрым багажом сувязей і кантактаў для ўзаемадзеяння. Вядома, мы зацікаўлены ў наведванні вашага флагмана - Магілёўліфтмаша. Бачым магчымасць нарошчвання пастаўкі прадукцыі завода ў Курскую вобласць. Буйныя забудоўшчыкі актыўна прыцягваюць вырабы магілёўскага прадпрыемства. У сваю чаргу, у нас добра развіты прамысловы сектар і ёсць магчымасць кааперацыі - пастаўкі камплектуючых для гэтых прадпрыемстваў. Акрамя таго, мы паўзаемадзейнічаем з калегамі з аблвыканкама, абмяркуем нашу далейшую працу. На выставе плануем пазнаёміцца з прадукцыяй, што выпускаецца бабруйскімі прадпрыемствамі. Спадзяемся ўбачыць новыя моманты для нашага ўзаемадзеяння як у прамысловай, так у аграрнай і іншых сферах».

Таксама Міхаіл Аксёнаў расказаў аб дагаворах, якія ўжо сёння будуць падпісаны на форуме паміж гаспадарчымі суб'ектамі: «Адно з нашых курскіх прадпрыемстваў, найбуйнейшае ў Расіі па вытворчасці акумулятарных батарэй, гатова пастаўляць вялікі аб'ём сваёй прадукцыі, запатрабаванай як на расійскім, так і на беларускім рынках. Акрамя таго, у глыбокай стадыі прапрацоўкі знаходзіцца абмеркаванне ўзаемадзеяння нашага Курскага электраапаратнага завода з некаторымі прадпрыемствамі Магілёўшчыны. Вядома ж, суб'екты сярэдняга і малога прадпрымальніцтва прыехалі пры падтрымцы нашага абласнога цэнтра падтрымкі экспарту ўстанавіць партнёрскія адносіны пастаўкі на беларускі рынак сваёй прадукцыі. У Курскай вобласці ваша прадукцыя таксама шырока прадстаўлена, у нас ёсць асобныя магазіны беларускіх прадуктаў. Мы гэта падтрымліваем, нашыя прадпрымальнікі паспяхова працуюць з вашым бокам, а куране ведаюць пра якасць беларускай прадукцыі і дастаткова ахвотна яе набываюць».

У рамках трох дзён рабочай праграмы расійскай дэлегацыяй запланаваны візіты на ААТ «Магілёўліфтмаш», ААТ «Магілёўхімвалакно», ААТ «Магілёўскі домабудаўнічы камбінат», у кардыялагічны корпус УАЗ «Магілёўская абласная клінічная бальніца» і шэраг іншых аб'ектаў сацыяльнай сферы і сферы культуры. Акрамя таго, госці азнаёмяцца з работай рэзідэнтаў СЭЗ «Магілёў» і вопытам будаўніцтва пуцеправода-дублера вуліцы Якубоўскага-Загарадная шаша, прымуць удзел у рабоце тэматычных секцый форуму.

Юлія Таранава, фота Галіны Гаўрыловіч

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая