RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Дэлегат VI Усебеларускага народнага сходу Вольга Каранькова: «Я лічу, што трэба ўзмацніць дзяржпадтрымку маладых сем’яў»

Начальніка Цэнтра банкаўскіх паслуг № 615 у г.п. Глуску рэгіянальнай дырэкцыі па Магілёўскай вобласці ААТ «Белаграпрамбанк» Вольгу Каранькову ў гарадскім пасёлку ведаюць многія. Амаль усё яе працоўнае жыццё звязана менавіта з Глускам: адзінаццаць гадоў яна працавала ў раённым спажывецкім таварыстве, займалася там кадравай, рэвізорскай, бухгалтарскай працай, а месяц таму, у снежні, споўнілася роўна 20 гадоў, як яна працуе ў банкаўскай сферы, з іх 18 – менавіта ў Белаграпрамбанку.

Пачынала ж свой працоўны шлях нарміроўшчыкам у рамонтнай майстэрні аднаго з калгасаў Кіраўскага раёна. Павага і давер людзей таксама не даюцца проста так, за адзін раз, іх можна толькі заслужыць. Вольга Рыгораўна заслужыла, прычым не толькі сярод сваіх калег і кіраўніцтва. У 2018 годзе яна была абраная дэпутатам раённага Савета дэпутатаў 28-га склікання па Глускай выбарчай акрузе № 7, а падчас мінулай сесіі дэпутаты падтрымалі яе кандыдатуру і выбралі дэлегатам шостага Усебеларускага народнага сходу.

– Зразумела, для мяне гэта і прыемна, і пачэсна, і адказна, – гаворыць Вольга Рыгораўна. – На такім форуме, як Усебеларускі народны сход, заўсёды абмяркоўваліся важныя дзяржаўныя пытанні. Упэўнена, што і на гэты раз размова будзе такой жа важнай і сур’ёзнай. Мне, як работніку банка, хацелася б пачуць, як у найбліжэйшыя гады будзе будавацца і развівацца эканамічная палітыка дзяржавы і фінансавая сфера. Хвалюе мяне і вырашэнне сацыяльных пытанняў. Так, у нас у краіне вялікая падтрымка аказваецца шматдзетным сем’ям, а вось маладыя сем’і, на мой погляд, як бы выпалі з поля зроку дзяржавы, для іх не прадугледжана практычна ніякіх прэферэнцый і льгот. Але мы ж разумеем: сям’і, дзе толькі пачынае наладжвацца сумесны побыт, трэба шмат чаго, ад бытавых дробязяў да мэблі і жылля. Раней для іх было прадугледжана льготнае крэдытаванне, нейкія іншыя меры падтрымкі. Думаю, гэта трэба вярнуць. А яшчэ, на мой погляд, трэба перагледзець вызначэнне маладой сям’і, я маю на ўвазе ўзрост мужа і жонкі, цяпер моладзь стварае сем’і ў больш познім узросце, чым раней, таму і маладой сям’ю можна лічыць, скажам, гадоў да 35. Упэўнена, што гэтыя і іншыя пытанні нашага жыцця ў нашай краіне цікавяць не толькі мяне, і я думаю, яны абавязкова прагучаць, будуць абмяркоўвацца на шостым Усебеларускім народным сходзе.

glusk.by

 

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая