RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Духоўна-асветніцкі міжнародны праваслаўны фестываль «Радасць» пройдзе ў Магілёве 15–24 чэрвеня

У Магілёве на пляцоўцы каля абласнога лячэбна-дыягнастычнага цэнтра 15–24 чэрвеня пройдзе Міжнародны фестываль «Радасць», які арганізуе Свята-Елісавецінскі манастыр па дабраславенні архіепіскапа Магілёўскага і Мсціслаўскага Сафронія пры падтрымцы Магілёўскага гарадскога выканаўчага камітэта.

Сёлета на выставу з’едуцца ўдзельнікі з Беларусі, Расіі, Украіны, Грэцыі, Сербіі, Босніі і Герцагавіны. На адной пляцоўцы можна будзе знайсці царкоўнае начынне, арыгінальныя і душэўныя падарункі ручной працы, утульны тэкстыль, аўтарскую кераміку, прадметы дэкору, натуральную касметыку і прадукцыю для ўмацавання здароўя.

Асаблівы акцэнт зроблены на насычаную культурную праграму: гутаркі са святарамі і сёстрамі-манахінямі, лекцыі, канцэрты, кінапаказы, сустрэчы з пісьменнікамі, літаратарамі і музыкамі.

Сярод запрошаных гасцей, якія прыедуць у Магілёў, матывацыйны спікер і сусветны рэкардсмен па плаванні Аляксей Талай; вядучы спецыяліст па фітатэрапіі Мікалай Агрэніч; кандыдат медыцынскіх навук манахіня Марыя (Літвінава); пісьменніца і музыкант, лаўрэат шматлікіх літаратурных і музычных прэмій Таццяна Дашкевіч і многія іншыя.

Напярэдадні памятнага дня 22 чэрвеня частка праграмы будзе прысвечана памяці аб Вялікай Айчыннай вайне. У спецыяльна ўстаноўленай ваеннай палатцы пройдуць тэматычная фотавыстава і кінапаказы. Для юных гледачоў таксама будзе арганізавана праграма, яны змогуць паслухаць або праспяваць ваенныя песні, зрабіць салдацкую пілотку з газеты, прайсці школу разведкі. Усіх дзяцейтаксамазапрашаюць далучыцца да важнай акцыі «Салдацкі трохкутнік» і напісаць словы падзякі сваім продкам, якія ваявалі, і ўсім абаронцам нашай Радзімы.

Традыцыйна на фестывалі «Радасць» пройдзе дабрачынная акцыя «Цуд для блізкага». Будзе працаваць дзіцячая гасцёўня, у якой дзеці знойдуць сяброў, падзеляцца радасцю і адкрыюць дзверы ў казку. Гэтым разам тут навучаць фатаграфаваць, майстраваць пано з сухацветаў да свята Святой Тройцы, маляваць акварэллю, ствараць аўтарскія ўпрыгожванні для валасоў і свой уласны арыгінальны дзённік для летніх уражанняў. Юных гледачоў чакае займальнае падарожжа ў свет драматычнага, лялечнага, батлеечнага і ценявога тэатра. Кожны вечар у гасцінай будзе заканчвацца праглядам дзіцячай перадачы «Маячок» і расказваннем маміных казак.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая