RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Дзень Зямлі адзначаецца сёння 50-ы раз

Сёння Дзень Зямлі, абвешчаны Генеральнай Асамблеяй ААН, адзначаюць 50-ы раз. Аб гэтым паведамляе Цэнтр навін ААН.

Дзень Зямлі ўпершыню адбыўся ў 1970 годзе. Тады амаль 20 млн чалавек, абураных разлівамі нафты, забруджваннем паветра і рэк, выйшлі на вуліцы, каб выказаць свой пратэст у сувязі з экалагічным крызісам. Гэта была буйнейшая акцыя грамадзянскай актыўнасці, і ўрадам давялося прыслухацца: былі прыняты заканадаўчыя акты па ахове навакольнага асяроддзя і створаны адпаведныя агенцтвы. Гэта была перамога, якая прадэманстравала сілу грамадскага адзінства.

У 2009 годзе Генеральная асамблея ААН адобрыла рэзалюцыю, якая абвясціла 22 красавіка Днём Зямлі. У 2016 годзе ў гэты дзень было падпісана Парыжскае пагадненне па клімаце: дзяржавы свету ўзялі абавязацельства не дапусціць павышэння глабальнай тэмпературы больш, чым на 2 градусы па Цэльсіі ў параўнанні з даіндустрыяльным узроўнем, і змякчыць наступствы змянення клімату.

Увага чалавецтва ў гэты момант прыкавана да барацьбы з пандэміяй, аднак змяненне клімату застаецца не менш важнай праблемай і патрабуе неадкладных мер. Каб утрымаць пацяпленне ў межах 1,5 градуса па Цэльсіі, неабходна штогод скарачаць аб'ём шкодных выкідаў на 7,6 працэнта. Аб гэтым нагадваюць сёння ў Праграме ААН па навакольным асяроддзі.

Пандэмія яшчэ раз прадэманстравала неабароненасць чалавецтва і ўсёй планеты перад тварам глабальных пагроз. Як адзначыў у сваім пасланні, прысвечаным сацыяльна-эканамічным наступствам распаўсюджвання COVID-19, Генеральны сакратар ААН Антоніу Гутэрыш, калі нам удалося б дасягнуць вялікіх поспехаў у выкананні Мэт устойлівага развіцця і Парыжскага пагаднення па клімаце, мы былі б лепш падрыхтаваны да барацьбы з пандэміяй.

У гэтым годзе Дню Зямлі планавалася прысвяціць серыю мерапрыемстваў, прызначаных прыцягнуць увагу да неабходнасці барацьбы са змяненнем клімату. У сувязі з пандэміяй усе ўрачыстасці пераведзены ў рэжым анлайн, але яны адбудуцца. На працягу 24 гадзін у віртуальным свеце будуць праходзіць сустрэчы, дыскусіі і канцэрты, прысвечаныя экалогіі.

У ААН нагадваюць: кожны можа прыняць удзел у святкаванні Дня Зямлі і аддаць свой голас у абарону прыроды, наведаўшы старонку earthday.org і выбраўшы мерапрыемства ў адпаведным часавым поясе. З нагоды Дня Зямлі 45 музыкаў дадуць анлайн-канцэрт у падтрымку Сусветнай арганізацыі аховы здароўя і Фонду салідарнасці па барацьбе з COVID-19.

У ААН заклікаюць усіх людзей, як і 50 гадоў таму, аб'яднацца ў абарону планеты і паслаць магутны сігнал сусветным лідарам: прыйшоў час дзейнічаць.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая