RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Дзіцячы сад пачалі будаваць у Шклове

Дзіцячы сад пачалі будаваць па вуліцы Маладзёжнай у Шклове. Пра гэта паведаміў дырэктар камунальнага ўнітарнага даччынага прадпрыемства «Упраўленне капітальнага будаўніцтва Шклоўскага раёна» Дзмітрый Раманаў.

Працы па ўзвядзенні аднапавярховага будынка дашкольнай установы адукацыі пачаліся ў канцы чэрвеня. «Зараз ідзе падрыхтоўка пад усталяванне падмурка, вядуцца земляныя работы. Завяршыць будаўніцтва плануем да канца гэтага года. Сваіх першых выхаванцаў новы дзіцячы сад зможа прыняць ужо ў наступным годзе», – адзначыў Дзмітрый Раманаў.

Будаўнічы праект новага дзіцячага садка быў распрацаваны «Магілёўсельбудпраектам». Падрадная арганізацыя–прыватнае прадпрыемства «Праметэй» горада Горкі.

«Гэта будзе каркасны будынак з газасілікатных блокаў. Асаблівасць праекта–дзіцячы сад будзе цалкам працаваць на электрычнасці, у тым ліку і ацяпленне, – адзначыў дырэктар КУДП УКБ Шклоўскага раёна. – Садок разлічаны на тры групы рознага ўзросту. Будзе прадугледжана тры дзіцячыя пляцоўкі – для кожнай групы свая. Назву для садка таксама прыдумалі – ён будзе «Жамчужынка».

Вуліца Маладзёжная ў Шклове – мікрараён дастаткова малады. У перспектыве на будучыню тут плануецца ўзвядзенне яшчэ трох шматкватэрных жылых дамоў–здаць хочуць яшчэ больш за 100 кватэр. «Раён працягне развівацца, таму дзіцячы сад яму неабходны. Гэта дазволіць зрабіць пражыванне тут больш камфортным», – падкрэсліў Дзмітрый Раманаў.

Як адзначыў начальнік аддзела архітэктуры і будаўніцтва Шклоўскага райвыканкама Алег Стэфановіч, месца ўзвядзення дзіцячага садка выбрана не выпадкова. «Жыхары вуліцы Маладзёжнай возяць сваіх дзяцей у найбліжэйшыя вёскі і аграгарадкі. Таму і было прынята рашэнне аб будаўніцтве дашкольнай установы адукацыі менавіта тут», – адзначыў ён.

На дадзены момант у Шклоўскім раёне функцыянуе 13 дашкольных устаноў адукацыі, у якіх выхоўваецца больш за 1 тыс.дзяцей.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая