RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Дзіцячы сад з экалагічна чыстых матэрыялаў будуюць у Магілёве

Дзіцячы сад з экалагічна чыстых матэрыялаўбудуюць у мікрараёне Спадарожнік у Магілёве. Пра гэта распавяла намеснік старшыні Магілёўскага гарвыканкама Ала Галушка.

«Новы дзіцячы сад разлічаны на 200 месцаў. Такі будаўнічы праект зусім новы для Магілёва. Яго будаўніцтва вядзецца за кошт інвестара – славенскай кампаніі Riko. Частка работ выканана за бюджэтныя сродкі: падрыхтоўчыя працы, падмурак і падвядзенне камунікацый, – сказала Ала Галушка. – Магілёў стаў другім горадам, дзе славенскі інвестар прапанаваў пабудаваць дзіцячы садок – некалькі гадоў таму падобны праект рэалізаваны ў Мінску».

Па словах намесніка старшыні гарвыканкама, праца над узгадненнем праекту была досыць доўгай і скрупулёзнай. «Такі праект нетыпавы. Першапачаткова гэта павінен быў быць двухпавярховы будынак, аднак прыйшлі да высновы, што ён будзе аднапавярховы, што дазволіць выканаць усе нормы і патрабаванні. Будынак праектаваўся так, каб у ім не было міжпакаёвых перагародак. Будынак каркасны, у яго аздабленні выкарыстоўваюцца экалагічна чыстыя матэрыялы, шмат дрэва, будуць устаноўлены панарамныя вокны, што зробіць прастору больш паветранай і адкрытай. Яшчэ адна важная асаблівасць праекта – шматфункцыянальнасць кожнага памяшкання. Тэрыторыя ў садка будзе вялікая, і ўся яна будзе максімальна задзейнічана ў развіцці дзяцей. Так, напрыклад, гульнявая будзе лёгка трансфармавацца ў спальную зону, калі гэта будзе неабходна, а ў глядзельнай зале прыступкі лёгка стануць сядзеннямі, і не толькі».

Месца для будаўніцтва дзіцячага саду таксама абрана невыпадкова: мікрараён Спадарожнік досыць малады і актыўна развіваецца. «Тут працягвае будавацца жыллё. Шмат маладых і шматдзетных сем'яў, таму важна, каб для іх былі створаны камфортныя ўмовы. Дзіцячы сад тут стане трэцім па ліку. Ужо цяпер, пакуль ідзе будаўніцтва, бацькі тэлефануюць і цікавяцца, калі ён адкрыецца і калі можна будзе прывесці туды сваіх малых. За будаўніцтвам новага сацыяльнага аб'екта пільна сочаць жыхары мікрараёна, рэалізацыя праекта знаходзіцца на асаблівым кантролі старшыні Магілёўскага гарвыканкама Уладзіміра Цумарава», – падкрэсліла Ала Галушка.

Адкрыць дзіцячы сад плануюць у лістападзе бягучага года.

Усяго ў Магілёве функцыянуюць 96 дашкольных устаноў адукацыі, з якіх 8 – дашкольныя цэнтры развіцця дзяцей.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая