RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Дзяржаўныя ўзнагароды ўручаны прадстаўнікам аграпрамысловай галіны Магілёўшчыны напярэдадні прафесійнага свята

Урачыстае ўручэнне дзяржаўных узнагарод прадстаўнікам аграпрамысловай галіны рэгіёна адбылося 17 лістапада ў Магілёўскім аблвыканкаме напярэдадні Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці. Адзінаццаці працаўнікам вёскі па даручэнні кіраўніка дзяржавы старшыня аблвыканкама Анатоль Ісачанка ўручыў медалі «За працоўныя заслугі».

Віншуючы аграрыяў з надыходзячым прафесійным святам, Анатоль Ісачанка адзначыў, што сваёй працай яны паказваюць любоў да сваёй зямлі і радзімы: «Сёння ў гэтай зале сабраліся перадавікі вытворчасці. Тыя, хто прысвяціў сябе, сваё жыццё высакароднай справе – вырошчванню хлеба.

Вы – тыя самыя людзі, якімі трэба ганарыцца, якія робяць працоўную славу нашай Магілёўшчыны, дасягаюць поспехаў і паказваюць сваёй працай, як трэба любіць сваю зямлю, сваю радзіму. І як трэба ставіцца да жыцця і да той зямлі, дзе мы жывём.

Часам знаходзяцца жадаючыя пакрытыкаваць сельскую гаспадарку. Але на гэта ім можна адказаць: зайдзіце ў краму і паглядзіце на шырокі асартымент прадукцыі.

За гады суверэннасці Рэспублікі Беларусь мы дасягнулі многага. І адзін з паказчыкаў – гэта наш экспарт, які да канца года ацэньваецца ў $8 млрд».

Асобна кіраўнік рэгіёна выказаў словы падзякі на адрас работнікаў перапрацоўчай прамысловасці: «Сфера за апошнія гады ступіла наперад. І сёння мы ўжо не гаворым аб продажы сыравіны, а вядзём гаворку аб продажы прадукцыі не проста высокай маржынальнасць – высокай якасці. За мяжой беларуская прадукцыя цэніцца – гэта наш брэнд і гэтым трэба ганарыцца».

Узнагароду з рук губернатара ў гэты дзень атрымаў галоўны аграном ААТ «Горацкая райаграпрамтэхніка» Іван Маршалок. «Такую высокую ацэнку сваёй працы я атрымліваю ўпершыню. Вядома, прыемна. Сакрэту ў мяне ніякага няма – проста трэба добрасумленна выконваць сваю працу, – сціпла адказаў на пытанне журналістаў мужчына. – У прафесіі я ўжо амаль 30 гадоў, тэхналогіі за гэты час ступілі наперад, становяцца значна лепшымі. Пастаянна і самі вучымся новаму – без гэтага ніяк не дамагчыся добрых вынікаў, і перадаём свой вопыт моладзі. Але і ў яе, дарэчы, таксама часам ёсць чаму павучыцца».

У ліку ўзнагароджаных аказалася і намеснік генеральнага дырэктара па вытворчасці ААТ «Бабушкина крынка» – кіруючая кампанія холдынгу «Магілёўская малочная кампанія “Бабушкина крынка”» Галіна Ціцянкова. Яна расказала, што даведалася аб узнагароджанні ўсяго за пару дзён да ўрачыстай цырымоніі і гэта стала для яе прыемнай нечаканасцю. А разам з тым наклала адказнасць на працу ў далейшым.

«Хвалюючае пачуццё, калі на цябе ўскладаюцца надзеі і трэба працягваць трымаць высокую планку якасці прадукцыі, захаваць і прымножыць дасягненні прадпрыемства, – падзялілася яна. – А сакрэт поспеху ў тым, каб увесь час працаваць, ставіць высокія мэты сабе, свайму калектыву і іх выконваць, імкнуцца, каб квітнела прадпрыемства і людзі, якія працуюць тут.

Я прыйшла на Магілёўскі малочны камбінат лабарантам у 1993 годзе і практычна 26 гадоў прысвяціла гэтаму прадпрыемству. Працавала майстрам, старшым майстрам. Ішла паступова, атрымала тры вышэйшыя адукацыі.

Усё, да чаго імкнулася і падцягвала за сабою калектыў, выхоўвала кадры – гэта дае свой вынік. Сёння ў нас дружная, маладая, згуртаваная каманда, у якой бачацца вялікія перспектывы.

Калі я толькі пачынала працоўную дзейнасць, прадпрыемства перапрацоўвала 70 тон малака, сёння аб’ём па холдынгу – 1400–1500 тон. Змяніўся асартымент, змяніліся тэхналогіі, абсталяванне і ўпакоўка. На даны момант мы вырабляем толькі натуральнамалочнай прадукцыі каля 250 найменняў, 150 тон сыру на чатырох вытворчых пляцоўках. Усё стала зусім іншым, накіравана на тое, каб было зручна і персаналу, і спажыўцу».

Павіншаваў працаўнікоў вёскі ў гэты дзень і памочнік Прэзідэнта – інспектар па Магілёўскай вобласці Леанід Мартынюк:

«Сёння ў гэтай зале – эліта аграпрамысловага комплексу нашага рэгіёна. Сваёй працай і талентам вы паказалі, як трэба годна працаваць. За гэта вам павага, пашана і, вядома, узнагароды, якіх вы ўдастоены. З надыходзячым святам! Прыміце шчырыя пажаданні здароўя, даўгалецця, любові да працы, добрых ураджаяў, каб праца прыносіла задавальненне, вынікі і была годна ўзнагароджана».

Пасля слоў віншаванняў Леанід Мартынюк уручыў падзяку Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дырэктару Магілёўскай абласной дзяржаўнай інспекцыі па насенняводстве, каранціне і ахове раслін Сяргею Марфелю. Выступаючы са словам у адказ, заслужаны аграрый выказаў падзяку за высокую ўзнагароду і адзначыў, што ў нашай краіне сельскай гаспадарцы надаецца вялікая ўвага, створаны ўсе ўмовы, каб галіна развівалася і квітнела. А людзі маглі спакойна працаваць і дасягаць дастойных вынікаў.

«Сваёй прафесіі я прысвяціў ужо 45 гадоў. Працоўны шлях пачаў у Горацкім раёне: яшчэ будучы студэнтам аграрнага факультэта працаваў галоўным аграномам рэгіёна. Па заканчэнні сельскагаспадарчай акадэміі працаваў на Шклоўшчыне, потым 13 гадоў быў дырэктарам саўгаса, а з 1997 года знаходжуся на кіруючай рабоце ў вобласці.

Ні разу не пашкадаваў, што выбраў гэту спецыяльнасць. Вырошчваць хлеб, вырабляць сельскагаспадарчую прадукцыю – цяжкая праца, але яна, безумоўна, ганаровая і высакародная».

Юлія Таранава, фота Галіны Гаўрыловіч

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая