З захаваннем усіх рэкамендацый санітарна-эпідэміялагічных службаў, улікам забеспячэння санітарна-эпідэміялагічнага дабрабыту студэнтаў і выкладчыкаў у МДУ імя А. А. Куляшова на гэтым тыдні праходзяць дзяржаўныя экзамены. Атэстат прафесійнай сталасці неўзабаве атрымае больш за 200 студэнтаў факультэта педагогікі і псіхалогіі дзяцінства–лагапеды, спецыялісты дашкольнай адукацыі, псіхолагі, як паведамілі ў ВНУ.

Без пяці хвілін выпускнікі ўніверсітэта рыхтаваліся да іспытаў у штатным рэжыме: перачытвалі канспекты і падручнікі. Мабыць, адзінае адрозненне сённяшніх атэстуемых ад іх папярэднікаў–ватна-марлевая маска на твары і дэзынфікуючы раствор у руках. У астатнім–усё як заўсёды: звыклае хваляванне і засяроджанасць.

«Выкананне санітарных нормаў – патрабаванне Міністэрства адукацыі, адміністрацыі ўніверсітэта, рэкамендацыя Магілёўскага занальнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі. Бяспека, здароўе студэнтаў–перш за ўсё», – патлумачыла дэкан факультэта Ірына Камарова. Яна ж праводзіць своеасаблівую экскурсію. На шкляных дзвярах пры ўваходзе ва ўніверсітэт размешчана аб’ява: «Праход забаронены! Ідзе дзяржаўны экзамен!» Староннія ў фае трапіць не могуць. Перакрытыя і прылеглыя лесвічныя пралёты. «У трох паточных аўдыторыях толькі студэнты і мы, члены дзяржаўных камісій», – растлумачыла суразмоўніца.

На ўваходзе ва ўніверсітэт трэба прадэзынфікаваць рукі. Антысептыкі размешчаны тут жа. Побач з дазатарамі–памяткі пра спосабы апрацоўкі рук і меры прафілактыкі вострых рэспіраторных інфекцый. Гэта яшчэ адна абавязковая ўмова ў межах правядзення санітарна-супрацьэпідэміялагічных мерапрыемстваў разам з рэгулярнай уборкай аўдыторый, калідораў і холаў універсітэта, праветрываннем памяшканняў, апрацоўкай дэзынфікуючымі сродкамі лесвічных поручняў і інш.

Калі ўжо верхняя вопратка здадзена, студэнты цягнуць білеты. Робяць гэта па адным, выконваюць сацыяльную дыстанцыю – не менш за два метры. Гучна называюць нумар білета і сваё імя. Да любімых выкладчыкаў не набліжаюцца–сацыяльная дыстанцыя! Усяго пяць чалавек рассаджваецца за парты ў розных канцах велізарнай аўдыторыі, разлічанай на 120 чалавек. Пішуць. Рыхтуюцца.

Члены Дзяржаўнай камісіі–таксама ў масках і на патрэбнай адлегласці адзін ад аднаго. Усе ўсё разумеюць, бо жыццё і здароўе – безумоўныя каштоўнасці. У гэтым студэнты і выкладчыкі адзіныя!

«Наша задача – стварыць бяспечныя ўмовы правядзення выніковай атэстацыі навучэнцаў, – патлумачыў прарэктар па вучэбнай рабоце Алег Дзячэнка. – Нягледзячы на перыяд сезоннага ўздыму захворвання на вострыя рэспіраторныя інфекцыі, мы забяспечваем якаснае засваенне студэнтамі зместу адукацыйных праграм, вытрымліваем усе патрабаванні дзяржаўных стандартаў вышэйшай адукацыі».