Заяўкі на прысваенне Дзяржаўнага знака якасці ў 2026 годзе можна накіраваць да 1 красавіка. Пра гэта паведамілі ў пресс–службе Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі.

Заяўкі разам з устаноўленым камплектам дакументаў арганізацыі падаюць у абласныя ці Мінскі гарадскі выканаўчыя камітэты (па месцы сваёй рэгістрацыі).

Вышэйшая ўзнагарода ў галіне якасці штогод прысвойваецца харчовым таварам, прамысловым таварам для насельніцтва, прадукцыі вытворча–тэхнічнага прызначэння, вырабленым юрыдычнымі асобамі Беларусі і адпаведным такім паказчыкам якасці, як бяспека, экалагічнасць, інавацыйнасць, тэхналагічнасць, эстэтычнасць.

Арганізацыя самастойна вызначае прадукцыю, якая прэтэндуе на прысваенне знака, і праводзіць параўнальны аналіз яе паказчыкаў якасці з паказчыкамі лепшых сучасных айчынных і (або) замежных узораў прадукцыі аналагічнага прызначэння. Пры яго станоўчых выніках арганізацыя мае права падаць заяўку аб прысваенні прадукцыі Знака якасці. Да заяўкі прыкладаюцца вынікі параўнальнага аналізу з доказнымі матэрыяламі.

Абласныя (Мінскі гарадскі) выканаўчыя камітэты ажыццяўляюць праверку паўнаты прадстаўленых дакументаў, па выніках якой не пазней за 15 мая накіроўваюць гэтыя дакументы ў Дзяржстандарт, які ажыццяўляе арганізацыйна–тэхнічнае забеспячэнне дзейнасці рэспубліканскай атэстацыйнай камісіі па прысваенні Дзяржаўнага знака якасці.

Далей заяўленая прадукцыя падлягае ацэнцы ў кампетэнтных органах дзяржкіравання. Так, па паказчыку бяспекі ацэнку будзе праводзіць Дзяржстандарт, экалагічнасці – Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, інавацыйнасці – Дзяржаўны камітэт па навуцы і тэхналогіях, тэхналагічнасці – галіновыя органы дзяржкіравання і Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, эстэтычнасці – спажыўцы шляхам анлайн–галасавання.

Дзяржаўны знак якасці заснаваны ўказам Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ад 18 студзеня 2024 года нумар 21. Парадак прысваення ўстаноўлены пастановай Савета Міністраў ад 29 сакавіка 2024 года №224 (у рэд. ад 23 чэрвеня 2025 года №349).

БЕЛТА