Каля 600 м гандлёвых радоў разгорнуць на Дзень беларускага пісьменства ў Касцюковічах. Аб гэтым журналістам расказалі ў галоўным упраўленні гандлю і паслуг Магілёўскага аблвыканкама.

«У гандлёвым абслугоўванні свята прымуць удзел 53 суб'екты гаспадарання, у тым ліку шэсць вытворцаў Магілёўскай вобласці, адно прадпрыемства спажывецкай кааперацыі і іншыя суб'екты гаспадарання, якія рэалізуюць прадукцыю грамадскага харчавання. Таксама ў свяце прымуць удзел рамеснікі, разнастайныя вырабы якіх госці змогуць паглядзець і набыць у горадзе майстроў», – распавялі спецыялісты.

Гандлёвыя рады будуць размешчаны па вул. Камсамольскай – ад вул. Ленінская да вул. Чырвонаармейская.

«Агульная даўжыня гандлёвых радоў складзе каля 600 м. Для камфортнага адпачынку гасцей свята будзе арганізавана больш як 800 пасадачных месц», – адзначылі ў гандлі.

Яшчэ адной лакацыяй свята стане гастранамічны фестываль. Тут госці і ўдзельнікі змогуць пакаштаваць разнастайныя стравы нацыянальнай кухні.

XXXIII Дзень беларускага пісьменства пройдзе ў Касцюковічах 5–6 верасня. Як адзначылі ва УУС Магілёўскага аблвыканкама, гэтымі днямі ў горадзе будзе часткова перакрыты рух транспарту – да 18.00 7 верасня – на вул. Ленінскай ад скрыжавання з вул. Юнацкай да будынка Крыжаўзвіжанскай царквы (па вул. Ленінскай), на вул. Камсамольскай ад скрыжавання з вул. Ленінскай да скрыжавання з вул. Чырвонаармейскай (да будынка крамы «Еўраопт»).

Таксама забаронена паркоўка транспартных сродкаў па вуліцах Ленінскай і Камсамольскай. Транзітны аб'езд арганізаваны па вул. Зіньковіча, вул. Юнацкай і вул. Калгаснай.

Стаянка для грузавога транспарту арганізавана на тэрыторыі ПМК №90 на вул. Зіньковіча, 103. Стаянка для аўтобусаў – на базе ААТ «Касцюковіцкі райаграпрамтэхэнерга» на вул. Ленінская, 156. Стаянка для легкавога транспарту – на тэрыторыі ПМК №260 на вул. Чырвонаармейская, 6.

Праваахоўнікі звяртаюцца да вадзіцеляў з просьбай выбіраць маршруты з улікам гэтай інфармацыі. «Асабісты склад Дзяржаўтаінспекцыі накіраваны на аказанне дапамогі ўсім удзельнікам дарожнага руху», – падкрэслілі ва УУС Магілёўскага аблвыканкама.

БЕЛТА