Лаўрэатамі конкурсу «Лепшыя тавары Рэспублікі Беларусь» за 2025 год прызнаны 329 тавараў, якія выпускаюцца 180 арганізацыямі краіны. Аб гэтым паведамілі ў прэс-службе Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі.

Так, у намінацыі «Харчовыя тавары» ў ліку лаўрэатаў - 202 тавары 81 арганізацыі. У намінацыі «Прамысловыя тавары для насельніцтва і вырабы народных промыслаў» вызначана 36 тавараў-лаўрэатаў 29 арганізацый, а ў намінацыі «Прадукцыя вытворча-тэхнічнага прызначэння» - 78 тавараў-лаўрэатаў, якія выпускаюцца 63 арганізацыямі. У намінацыі «Паслугі насельніцтву» звання лаўрэата ўдастоены 13 паслуг 11 арганізацый.

Пры гэтым тавары ААТ «Магілёўскі завод ліфтавага машынабудавання», ААТ «Інвет», ААТ «Шклозавод «Нёман» і ААТ «Брэсцкі лікёра-гарэлачны завод «Белалка» сталі пераможцамі адначасова ў дзвюх намінацыях.

Для стымулявання выпуску новых відаў прадукцыі, паляпшэння яе характарыстык і ўласцівасцей, прымянення сучасных тэхналогій і матэрыялаў заснаваны статус «Навінка года». У 2025 годзе ён прысуджаны 51 тавару рознага прызначэння.

Спецыяльнай узнагароды «Лепшы ў галіне» ўдастоены дзесяць арганізацый краіны, якія набралі найбольшую колькасць балаў у асобным галіновым напрамку. 26 арганізацый удастоены спецыяльнай узнагароды «Стабільная якасць». Іх тавары станавіліся лепшымі пяць і больш разоў запар. Самі арганізацыі пацвярджалі належную якасць тавараў на працягу года, які папярэднічае году правядзення конкурсу. Яны маюць не менш як тры сертыфікаваныя сістэмы кіравання (менеджменту), а таксама дыпломы лаўрэатаў конкурсаў у галіне якасці за апошнія пяць гадоў (прэмія СНД за дасягненні ў галіне якасці прадукцыі і паслуг, прэмія ўрада Беларусі за дасягненні ў галіне якасці, «Лепшыя тавары Рэспублікі Беларусь на рынку Расійскай Федэрацыі» і іншыя).

Спецыяльная ўзнагарода «За поспехі ў імпартазамяшчэнні» прысуджана 47 таварам 37 арганізацый. Гэта тавары, якія ўключаны ў пералікі прадукцыі, што адносіцца да імпартазамяшчальнай, або ў праграмы імпартазамяшчэння, што рэалізуюцца абласнымі выканаўчымі камітэтамі, а таксама пры ўзроўні лакалізацыі кампанентаў і сыравіны больш як 50 працэнтаў, росце аб'ёмаў выпуску імпартазамяшчальнай прадукцыі і наяўнасці станоўчых водгукаў ад спажыўцоў.

Для вызначэння лаўрэатаў у намінацыі «Выбар спажыўцоў» было праведзена анлайн-галасаванне. Атрымана 78637 галасоў спажыўцоў (64465 – «падабаецца» і 14172 – «не падабаецца»). Пры гэтым кожны спажывец змог узяць удзел у галасаванні толькі адзін раз.

Арганізацыям, тавары якіх удастоены звання лаўрэата, будуць уручаны дыпломы і прадастаўлена права размяшчэння лагатыпа конкурсу на таварах і іх упакоўцы, а таксама ў дакументацыі і рэкламных матэрыялах на працягу двух гадоў.

БЕЛТА