XVI Міжнародны эканамічны форум «Млын поспеху» пройдзе ў Магілёве 13–15 мая. Пра гэта распавялі ў адміністрацыі СЭЗ «Магілёў».


Як расказалі арганізатары, гэты форум стаў сапраўднай візітнай карткай Магілёўскай вобласці. Дзелавая падзея міжнароднага ўзроўню накіравана на развіццё гандлю і эканамічнага партнёрства, яна дапамагае знаходзіць новых бізнес–партнёраў на знешніх рынках, развіваць імпартазамяшчэнне, дапамагае ў пошуках альтэрнатыўных пастаўшчыкоў рознай прадукцыі, наладжванні і ўстанаўленні новых кааперацыйных сувязей, пашырэнні экспарту і рынкаў збыту.

Праграма форуму разлічана на некалькі дзён і ўключае ў сябе пленарнае пасяджэнне, дыскусіі, тэматычныя секцыі, прэзентацыю тавараў экспартна арыентаваных прадпрыемстваў, В2В–перагаворы і многае іншае. Традыцыйна падчас форуму падпісваецца шэраг дакументаў: пратаколы аб намерах, дарожныя карты і дагаворы аб супрацоўніцтве. Таксама ў час форуму будуць абмяркоўвацца пытанні, якія датычацца розных вытворчых галін, узаемадзеяння сектара малога і сярэдняга прадпрымальніцтва з буйнымі прадпрыемствамі і органамі дзяржкіравання, меры падтрымкі экспарцёраў, новыя лагістычныя шляхі і транспартныя калідоры, платформенныя рашэнні для развіцця экспартнай экасістэмы, інструменты фінансавага рынку і многае іншае.

Як адзначылі ў адміністрацыі СЭЗ «Магілёў», форум дае магчымасць прэзентаваць эканамічны патэнцыял Магілёўскай вобласці і свабоднай эканамічнай зоны, прыцягнуць новых інвестараў, выпрацаваць новыя сумесныя бізнес–ідэі. Падпісаныя на форуме дамовы і кантракты штогод вылічаюцца мільёнамі рублёў.

У гэтым годзе ўдзельнікамі форуму стануць каля 1,5 тыс. чалавек: прадстаўнікі бізнесу, аб'яднанняў прадпрымальніцтва, абласных і рэспубліканскіх органаў улады Беларусі, афіцыйныя замежныя дэлегацыі, дыпламатычны корпус.

Падаць заяўку на ўдзел у форуме можна да 11 мая.

БЕЛТА