У ААТ «Белшына» распрацоўваюць шыны для электрамабіляў, якія плануецца запусціць у серыйную вытворчасць да лютага 2027 года. Пра гэта паведаміў журналістам дырэктар завода масавых шын Юрый Русецкі.

Юрый Русецкі адзначыў:

– Пастаянна паляпшаем канструкцыйныя характарыстыкі. Цяпер працуем над шынай для электрамабіляў. Ёсць пэўныя канструкцыйныя характарыстыкі, якія мы мусім вытрымаць.

Па словах дырэктара завода, у планах выпускаць шыны дыяметрам 19 і 20 дзюймаў.

– У прынцыпе, аптымальны тэрмін для распрацоўкі і пастаноўкі шыны на серыйную вытворчасць складае паўгода. І мы ставім для сябе задачу да лютага 2027 года асвоіць і паставіць дадзеныя шыны на серыйную вытворчасць. Для нас гэта новая тэма. Усё залежыць ад таго, наколькі канструктары ўдала і паспяхова папрацуюць над ёй.

Юрый Русецкі паведаміў, што за апошнія 10 гадоў прадпрыемства асвоіла выпуск больш як 60 мадэлей шын для легкавога і грузавога транспарту.

– Сёння мы вырабляем больш за 200 тыпамадэляў шын, з іх 120 – легкавыя. На прадпрыемстве працуе 1540 чалавек, працуем кругласутачна. Калі раней працэнт прысутнасці на ўнутраным рынку не перавышаў 25 працэнтаў, то сёння гэты паказчык наблізіўся да 50 працэнтаў.

СБ