Новыя праекты і падыходы да вытворчасці: як будуць развівацца «Магілёўхімвалакно» і «Белшына»
Аб развіцці прамысловых флагманаў Магілёўскай вобласці, такіх як ААТ «Магілёўхімвалакно» і ААТ «Белшына», па выніках даклада кіраўніку дзяржавы журналістам расказаў старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка.
«На сённяшні дзень «Магілёўхімвалакно» рэалізуе праект па стварэнні комплексу бесперапыннай вытворчасці хларату натрыю і перакісу вадароду. Гэта важны праект як для вобласці, так і дзяржавы. Мы будзем пастаўляць гэту прадукцыю на наш цэлюлозны камбінат у Светлагорску, – расказаў Анатоль Ісачанка. – Праект важны, але ён не вырашае поўнасцю праблему далейшага развіцця завода. Намі адпрацавана некалькі варыянтаў далейшага развіцця. Адзін з іх прапанаваны ва ўрад, дзе быў разгледжаны, ёсць і іншыя прапановы, яны таксама будуць уважліва вывучаны».

Як падкрэсліў старшыня аблвыканкама, рашэнні трэба прымаць для далейшага інтэнсіўнага развіцця завода і захавання на вытворчасці высокакваліфікаваных кадраў. Аднак буйныя і глабальныя праекты немагчыма рэалізаваць за адну мінуту.
«На сённяшні дзень мы маем добрую пляцоўку – каля 115 га, інфраструктуру, якая калісьці стваралася пад «Хімвалакно». Так, яе трэба крыху мадэрнізаваць, але яна існуе. Мы маем энергетычныя магутнасці і самае галоўнае – кваліфікаваных людзей. Таму пытанне аб далейшым развіцці і яго перафармаціраванні з захаваннем калектыву і нават з павелічэннем колькасці працоўных, патрабуе уважлівага і стараннага вывучэння, прыняцця рашэння на ўзроўні Прэзідэнта, – сказаў Анатоль Ісачанка. – І кіраўнік дзяржавы вельмі ўважліва ставіцца да завода – гэта наш брэнд. Таму невыпадкова было зададзена пытанне, і яно не першы раз гучыць. Будзе адпаведная нарада на ўзроўні кіраўніка дзяржавы, дзе адно з пытанняў – «Магілёўхімвалакно». Прэзідэнт заўсёды акуратна і старанна падыходзіць да любога прадпрыемства і асабліва такіх знакавых. Цяпер ідзе карпатлівая работа, так, яна штабная, так, яна нябачная, але спецыялісты глыбока пагружаны і працуюць. Вынік будзе».


Яшчэ адзін прамысловы флагман рэгіёна – ААТ «Белшына», горадаўтваральнае прадпрыемства Бабруйска. Завод у бягучых умовах працуе стабільна, аднак некаторыя тэндэнцыі ўсё ж аказваюць свой уплыў. «Ідзе прасадка па індэксе фізічнага аб'ёму, але гэта не сведчыць аб тым, што прадпрыемства не працуе – яно працуе. Ёсць праблемы збыту, таму што ідзе вялікі дэмпінг па розных напрамках. Сёння для таго, каб утрымацца на рынку, трэба павялічваць якасць нашай прадукцыі і зніжаць сабекошт. Але частка сыравіны, якая паступае, яна ўжо ідзе праз трэція краіны, што, зразумела, павялічвае сабекошт прадукцыі, – расказаў старшыня аблвыканкама. – Таму сёння і ідзе вельмі карпатлівая работа ў гэтым напрамку. Мы вычляняем асобныя элементы вытворчасці, глядзім, наколькі яны затратныя, і шукаем варыянты для іх замяшчэння. Я думаю, што правёўшы такую вялікую работу, мы застанёмся на рынку і будзем там працаваць – іншых варыянтаў няма і не будзе».



Анатоль Ісачанка адзначыў, што з аднаго боку цяпер няпросты прамежак часу ў рабоце прамысловасці, аднак ён дае свой імпульс для далейшага развіцця. «Пачынае працаваць канструктарская думка, пачынаюць працаваць хімікі, пачынаюць працаваць па–іншаму тэхнолагі, каб патанніць працэс вытворчасці нашых шын. І гэта дае штуршок. І я бачу, што ён ідзе пазітыўна. Не так, як хочацца, хутка, але вынік будзе. Самае галоўнае, што мы разумеем, што рабіць», – рэзюмаваў ён.
БЕЛТА, фота Галіны Гаўрыловіч
Переводчик