Напярэдадні 8 Сакавіка ў Магілёўскай вобласці праверылі, як арганізаваны продаж жывых кветак. Маніторынг прайшоў на 82 гандлёвых пляцоўках і паказаў: у большасці выпадкаў патрабаванні заканадаўства выконваюцца, хаця асобныя парушэнні ўсё ж зафіксаваны.


Маніторынг арганізавала галоўнае ўпраўленне гандлю і паслуг Магілёўскага аблвыканкама сумесна з упраўленнем гандлю Магілёўскага гарвыканкама, абласным упраўленнем Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю, падатковымі органамі і супрацоўнікамі УУС.

Спецыялісты праверылі як стацыянарныя гандлёвыя аб'екты – магазіны і павільёны, так і вынасны гандаль на спецыялізаваных пляцоўках. Усяго ў вобласці для продажу жывых кветак вызначана 82 такія месцы: 40 з іх размешчаны ў Магілёве і 17 — у Бабруйску.


У час маніторынгу звярталі ўвагу на выкананне патрабаванняў заканадаўства: наяўнасць інфармацыі аб суб'екце гаспадарання, цэннікаў на тавары, нагрудных знакаў у прадаўцоў і дакументаў на прадукцыю, што рэалізуецца.

Як паказалі праверкі, у большасці выпадкаў прадаўцы працуюць па правілах. Разам з тым спецыялісты зафіксавалі асобныя факты парушэнняў – у прыватнасці, няпоўнае афармленне або адсутнасць цэннікаў, а таксама адсутнасць нагрудных знакаў у работнікаў гандлю.


Большасць заўваг прадпрымальнікі ліквідавалі непасрэдна падчас маніторынгу. З прадстаўнікамі гандлю таксама правялі тлумачальную работу і нагадалі, што пры паўторных парушэннях магчыма адміністрацыйная адказнасць.

Кантроль за продажам жывых кветак у рэгіёне працягнецца.

mogilevnews.by