Каля 19,5 тыс. навагодніх дрэў плануюць рэалізаваць у Магілёўскай вобласці да свят. Пра гэта падчас прэс-тура ў Чавускі лясгас журналістам расказала намеснік кіраўніка па ідэалагічнай рабоце Магілёўскага ДВЛГА Ірына Цысельская.
 
У гэтым годзе ёлачныя кірмашы ў рэгіёне будуць працаваць з 20 па 31 снежня.


«Дзяржаўнымі лесагаспадарчымі ўстановамі вобласці плануецца рэалізаваць каля 19,5 тыс. навагодніх дрэў, што на 1 тыс. больш да ўзроўню мінулага года, каля 500 навагодніх букетаў і 500 дрэў у кадках», - адзначыла Ірына Цысельская.

Плануецца работа больш як 80 выязных гандлёвых аб'ектаў і каля 80 лясніцтваў дзяржаўных лесагаспадарчых устаноў вобласці будуць ажыццяўляць гандаль навагоднімі дрэвамі на тэрыторыі лясніцтваў. Ірына Цысельская звярнула ўвагу, што набыць навагодняе дрэва можна як на выязных гандлёвых кропках, так і ў лясніцтвах. Прадаваць ёлкі будуць у «Лясных хатках»: у Магілёве па вул.Пысіна, 22 і ў Бабруйску па вул.Гагарына, 44а.


Цэны на навагоднія ёлкі - даступныя. «Сярэдняя цана за лясную прыгажуню да 1 м - ад Br6,7, ад 1 да 2 м - ад Br8,7, ад 2 да 3 м - ад Br17,5. Найбольшым попытам карыстаюцца елкі ад 1 да 2 м», - падкрэсліла яна.

Як адзначыў начальнік аддзела аховы, абароны лесу і паляўнічай гаспадаркі Магілёўскага ДВЛГА Антон Бальшакоў, напярэдадні навагодніх свят дзяржаўная лясная ахова лесагаспадарчых устаноў Магілёўскай вобласці пераходзіць на ўзмоцнены рэжым работы.


«Гэта ўключае ў сябе, у першую чаргу, правядзенне мерапрыемстваў, накіраваных на прафілактычную працу з мясцовым насельніцтвам па недапушчэнні незаконных высечак навагодніх дрэў і выяўленне фактаў такіх высечак. Акрамя таго, гэтае сумеснае правядзенне палявых мерапрыемстваў з супрацоўнікамі Дзяржаўнай аўтамабільнай інспекцыі. У выпадку выяўлення незаконнай рубкі на тэрыторыі ляснога фонду парушальнік прыцягваецца да адміністрацыйнай адказнасці, - расказаў ён. - Па частцы першай, калі парушэнне артыкула 16.17 здзейснена на тэрыторыі ахоўных і прыродаахоўных лясоў, то на фізічную асобу накладаецца штраф у памеры ад 5 да 30 базавых велічынь. На тэрыторыі іншага ляснога фонду, эксплуатацыйных лясоў, як мы іх называем, штраф можа дасягаць да 20 базавых велічыняў. Акрамя таго, парушальніку давядзецца аплаціць шкоду, нанесеную навакольнаму асяроддзю, - за адно дрэва дыяметрам да 12 см у пня - 0,2 базавых велічыні. А таксама пры немагчымасці канфіскацыі навагодняга дрэва - 1 базавая велічыня».


БЕЛТА