RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Эксперт: 17 верасня - сімвал непадзельнасці тэрыторыі і этнічнай кансалідацыі беларускай нацыі

Акт гістарычнай справядлівасці

Дзяржаўныя святы ў нашай краіне - дні асаблівыя. Яны ўстанаўліваюцца ў азнаменаванне падзей, якія маюць асаблівае гістарычнае або грамадска-палітычнае значэнне, падзей, якія аказалі істотны ўплыў на развіццё беларускай дзяржавы і грамадства. Мы адзначаем Дзень Канстытуцыі, Дзень яднання народаў Беларусі і Расіі, Дзень Дзяржаўнага сцяга, Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь.

Але сярод гэтых святаў ёсць трыяда дзён, ад якіх наўпрост залежаў лёс нашай Радзімы. 3 ліпеня - Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь - дзень вызвалення сталіцы нашай краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у 1944 годзе. 9 Мая — Дзень Перамогі, калі нашы дзяды, праявіўшы нябачаную гераічнасць, дайшлі да логава фашыстаў і прымусілі іх паставіць кропку ў самай страшнай сусветнай вайне. І 17 верасня - сімвал непадзельнасці тэрыторыі і этнічнай кансалідацыі беларускай нацыі, завяршэння працэсу фарміравання беларускай дзяржаўнасці.

Пасля заканчэння Першай сусветнай вайны на аскепках Расійскай і Аўстра-Венгерскай імперый фармаваліся новыя дзяржавы. У лістападзе 1918 года аб сваёй незалежнасці аб'явіла Польшча. Шанец заявіць аб сваёй дзяржаўнасці з'явіўся і ў беларускага народа. 1 студзеня 1919 года створана Сацыялістычная Савецкая Рэспубліка Беларусь. Аднак, як і сёння паказвае гісторыя, заявіць аб дзяржаўнасці мала, яе трэба ўмець абараніць. Акрамя Савецкай Расіі, беларуская дзяржава нікім не прызнавалася. Практычна адразу аб сваіх тэрытарыяльных прэтэнзіях на беларускія землі заявіла Польшча.

Падзеі Першай сусветнай, а затым Грамадзянская вайна, замежная інтэрвенцыя і эканамічны крызіс не прайшлі бясследна - Савецкая Расія была аслаблена. Паражэнне ў Савецка-польскай вайне 1919 - 1921 гадоў прывяло да таго, што Варшава пачала дыктаваць свае ўмовы.

18 сакавіка 1921 года ў выніку Рыжскай мірнай дамовы Польшча забрала практычна палову тэрыторыі Беларусі. Будучыня нашай краіны вісела на валаску.

Сёння, гледзячы на сімвал нашай дзяржаўнасці - герб Беларусі, мы бачым контуры нашай краіны. Але колькі часу, намаганняў, лёсаў было пакладзена нашымі папярэднікамі, каб прачарціць гэтыя лініі, намі — каб іх абараніць...

А тады нашы зноў далучаныя да Польшчы тэрыторыі былі раздадзены польскім ветэранам-асаднікам. Траціна беларускіх сялянскіх сем'яў засталася беззямельнай і вымушана была батрачыць. На паперы беларусам былі гарантаваныя ўсе правы і свабоды, моўная аўтаномія і свабода веравызнання, але рэаліі казалі пра іншае. Да пачатку 1940‑х гадоў усе 400 беларускіх школаў былі зачыненыя. Будаваць эдэм на зноў далучаных землях Польшча не спяшалася, адчувала, што давядзецца вяртаць, — доля прамысловай вытворчасці ледзь дасягала 3 працэнтаў.

Шанец аб'яднаць падзеленыя беларускія тэрыторыі і раз'яднаны беларускі народ выпаў з пачаткам Другой сусветнай вайны. 1 верасня 1939 года Германія перайшла мяжу з Польшчай. Польскія саюзнікі - Англія і Францыя - актыўнасці не праявілі, абмежаваліся толькі аб'явай Германіі вайны. У адзіноце Польшча не змагла стрымаць наступ войскаў вермахта.

Раніцай 17 верасня 1939 года прадстаўнікі Наркамата замежных спраў СССР уручылі польскаму паслу ноту, дзе аб'явілі аб тым, што Чырвоная армія ўводзіць свае войскі з мэтай «абароны жыцця і маёмасці насельніцтва Заходняй Украіны і Заходняй Беларусі». Англія і Францыя прызналі тое, што адбылося моўчкі.

Большасць беларусаў успрынялі падзеі як акт гістарычнай справядлівасці, яны сустракалі Чырвоную армію з хлебам і соллю. На вызваленых землях былі праведзены выбары прадстаўнічых органаў улады, якія прагаласавалі за ўваход Заходняй Беларусі ў склад БССР.

Гістарычная справядлівасць перамагла - беларускі народ стаў адзіным.

На працягу апошніх гадоў нашыя заходнія суседзі з жалобным настроем сустракалі 17 верасня. Разумеем, тэрытарыяльныя страты ў 1939-м, паражэнне далёкасяжных планаў у 2020-м. Ні тады, ні зараз падзяліць нашу краіну не атрымалася. «Панскія» шкадаванні мы сапраўды не падзяляем.

17 верасня як свята шырока адзначалася на агульнасаюзным узроўні з 1940 па 1949 год. Ідэі аднавіць традыцыю былі і ў 1999 годзе, але «беражлівае» стаўленне да пачуццяў заходніх суседзяў тады ўзяло верх.

Час расставіў усё па сваіх месцах. Сёння самае маладое свята - Дзень народнага адзінства - напоўнена важным гістарычным значэннем. У гэты дзень мы дзякуем тым, хто зрабіў усё, каб мы былі непадзеленыя, хто абараніў наша права жыць на нашай зямлі ў рамках адной дзяржавы. Дзень народнага адзінства - нагода для гонару, бо мы захавалі суверэнітэт і незалежнасць нашай краіны і нашай пазіцыі, не сталі «крэсамі». У нашым прыярытэце не чыесьці задачы, інтарэсы, амбіцыі, а нашыя — беларускія!

Галіна Бяляева, гісторык, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, СБ

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая