RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Энергетыкі ўхіляюць наступствы непагадзі і аднаўляюць электразабеспячэнне ў Гомельскай і Магілёўскай абласцях

Энергетыкі працягваюць работы па аднаўленні электразабеспячэння ў рэгіёнах, якія пацярпелі ад непагадзі, паведамілі ў прэс-службе Міністэрства энергетыкі.

У Гомельскай вобласці прайшлі навальніцы з моцным шквалістым ветрам, парывы якога дасягалі 30 м/с, што прывяло да падзення дрэў на лініі электраперадачы, іх абрыву, а таксама пашкоджання апор.

Па звестках на 21.00, электразабеспячэнне парушана ў 368 населеных пунктах Гомельскай вобласці.

Больш за ўсё ад непагадзі пацярпеў Мозырскі раён, куды сцягнуты аварыйныя брыгады з суседніх, менш пацярпелых раёнаў. Стыхія таксама стала прычынай тэхналагічных парушэнняў у Калінкавіцкім, Ельскім, Нараўлянскім, Лельчыцкім раёнах.

Ва ўхіленні наступстваў непагадзі задзейнічаны каля 100 аварыйных брыгад. На ўзроўні вытворчага аб'яднання «Белэнерга» створаны аператыўны штаб для прыняцця скаардынаваных мер па больш хуткаму аднаўленню электразабеспячэння.

Аднаўленчыя работы разгорнуты і ў Магілёўскай вобласці. Па стане на 20.00 14 ліпеня, з-за непагадзі перабоі ў электразабеспячэнні адзначаны ў 202 населеных пунктах рэгіёну. Мабілізаваны неабходныя сілы і сродкі для аператыўнага ўстаранення тэхналагічных парушэнняў.

У цэлым па краіне дзякуючы зладжаным дзеянням энергетыкаў 13 і 14 ліпеня адноўлена работа больш як 4 тыс. трансфарматарных падстанцый розных класаў напружання, у тым ліку ліквідавана больш як 700 абрываў правадоў з-за падзення дрэў і галінак.

Аварыйныя брыгады працягваюць працу ва ўзмоцненым рэжыме, каб аператыўна ўхіліць наступствы непагадзі і аднавіць надзейнае электразабеспячэнне спажыўцоў.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая