У гарадскім пасёлку Краснаполле Магілёўскай вобласці 22 жніўня пройдзе рэгіянальны фестываль народных промыслаў і рамёстваў «Краснапольскі глечык». Пра гэта паведаміла дырэктар Краснапольскага раённага Дома рамёстваў Валянціна Маскалькова.

«Заяўкі на ўдзел паступілі ад многіх вядомых майстроў, – паведаміла суразмоўца. – Прычым не толькі Дамоў рамёстваў, але і тых, хто прадстаўляе розныя творчыя студыі». Напрыклад, на фестываль заяўлена магілёўская арт-студыя «Сувязь часоў». Яе майстры валодаюць рознымі тэхнікамі. Працуюць з глінай і скурай, вяжуць і шыюць лялькі, вырабляюць розныя ўпрыгожванні, у тым ліку для дома. Асаблівай увагі заслугоўваюць гайтаны – старадаўнія жаночыя ўпрыгожванні, зробленыя з бісеру, з беларускімі нацыянальнымі ўзорамі.

«Прыедуць Дрыбінскія майстры лазапляцення, саломапляцення і шапавалы. Таксама прымуць удзел прадстаўнікі Слаўгарадскага, Чэрыкаўскага, Касцюковіцкага, Крычаўскага раёнаў. Ну і, вядома ж, краснапольскія майстры і ўмельцы раёна», – адзначыла Валянціна Маскалькова.

Праграма фестывалю прадугледжвае правядзенне тэматычнага круглага стала, канферэнцыі, творчых сустрэч, майстар-класаў, прэзентацый, выстаў-продажаў. Часткай свята стане конкурс «Незабытыя рамёствы». Яго ўдзельнікі дадуць па пяць работ, выкананых у традыцыйных тэхніках. Адна з іх павінна будзе адлюстроўваць эмблему фестывалю, у цэнтры якой – гліняны збан.

Такі сімвал фестывалю абраны апраўдана. Менавіта сваімі вырабамі з гліны славіцца Краснаполле. У раёне працуе майстэрня па развіцці ганчарства – ініцыятыва, рэалізаваная Краснапольскім раённым гісторыка-этнаграфічным музеем па праекце «Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь», што фінансуецца Еўрасаюзам і рэалізуецца Праграмай развіцця ААН (ПРААН). Акрамя таго, Краснапольшчыну з такім відам рамяства непасрэдна звязвае і малюнак збана на гербе раёна.

Гэтым летам у гарадскім скверы пасёлка ўстанавілі новыя архітэктурныя формы з бетону. Кожная ўяўляе з сябе разнавіднасць збана, якую сёння могуць выканаць ганчарныя майстры раёна. Ні адна з іх не паўтараецца. Менавіта гэтыя аб’екты сталі зараз своеасаблівым сімвалам фестывалю народных промыслаў і рамёстваў «Краснапольскі глечык».

У Магілёўскай вобласці 400 майстроў займаецца адраджэннем і захаваннем тэхналогій народных мастацкіх рамёстваў, а таксама развіццём іншых відаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, у тым ліку і сучасных. Статус народнага майстра мае 21 майстар, 103 з’яўляюцца членамі Беларускага саюза майстроў народнай творчасці.

Арганізатарамі фестывалю «Краснапольскі глечык» выступаюць Цэнтралізаваная клубная сістэма Краснапольскага раёна, Краснапольскі раённы Дом рамёстваў.