RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Форум маладых журналістаў прайшоў у Бабруйску

На базе медыяхолдынга «Бабруйскае жыццё» прайшоў форум маладых журналістаў, які сабраў прадстаўнікоў СМІ з розных куткоў Магілёўшчыны і студэнтаў гісторыка-філалагічнага факультэта Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. А. Куляшова. Галоўная тэма абмеркавання – «Новая медыяпрастора: выклікі і магчымасці».

Перад пачаткам форума адбылася цырымонія ўзнагароджання пераможцаў гарадскога конкурсу «Найлепшы інфармацыйны бюлетэнь». У намінацыі «Арганізацыі горада Бабруйска» першае месца дасталося гарадской паліклініцы № 3, другое – філіялу «Бабруйскія электрычныя сеткі» Рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства «Магілёўэнерга», трэцяе – філіялу «Бабруйская ЦЭЦ-2». У намінацыі «Установы адукацыі горада Бабруйска» пераможцам стаў лесатэхнічны каледж, другое месца атрымаў механіка-тэхналагічны, і трэцяе – тэхналагічны каледж.

– Мы здолелі захаваць такую цікавую форму працы з працоўным калектывам, як інфармацыйныя бюлетэні. У нас ёсць шэраг суб’ектаў гаспадарання як у прамысловай, так і сацыяльнай сферы, якія захавалі рэдкалегіі, што аб’ядноўваюць неабыякавых і творчых людзей, якія збіраюць інфармацыю аб найважнейшых падзеях у самой арганізацыі, горадзе, рэгіёне і краіне, – адзначыла Вераніка Вільчык, начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Бабруйскага гарадскога выканаўчага камітэта.

Спікеры гаварылі аб асноўных трэндах сучаснай журналістыкі, развіцці раённых сродкаў масавай інфармацыі і іх адказнасці перад грамадствам, рэгіянальным тэлебачанні і сеткавых тэхналогіях, інтэрнэт-журналістыцы і ўзаемадзеянні з аўдыторыяй. Закранулі таксама важную тэму прафесійнага станаўлення журналіста.

– Мы нездарма выбралі гэтую пляцоўку. Сёння медыяхолдынг «Бабруйскае жыццё» – самы яркі прыклад інтэграцыі ўсіх наяўных СМІ не толькі ў вобласці, але і рэспубліцы. Гэта выдатны ўзор для маладых журналістаў, каб павышаць свой прафесійны ўзровень. Мы жывём у эпоху лічбавізацыі. Форум – гэта тая пляцоўка, дзе адбываецца абмен вопытам, абмяркоўваюцца актуальныя пытанні развіцця сучаснай інфармацыйнай прасторы, найбольш папулярныя формы падачы інфармацыі і ўзаемадзеяння з аўдыторыяй. І, вядома, самае галоўнае, на што робіцца акцэнт, – якім чынам у нашага грамадства сфарміраваць інфармацыйную культуру, – падкрэсліла Алена Дзівакова, начальнік упраўлення па працы са СМІ і моладзевай палітыкі галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Магілёўскага аблвыканкама.

У рамках прэс-тура ўдзельнікі форума наведалі ААТ «Чырвоны харчавік», дзе пазнаёміліся з гісторыяй развіцця прадпрыемства, відамі выпускаемай прадукцыі, дзейнасцю карпаратыўнай газеты «Zefir.by», пабывалі таксама ў сінагозе і яўрэйскім дворыку.

bobrlife.by

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая