RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Галерэя бяспекі адкрылася ў Магілёўскай абласной дзіцячай бальніцы

Галерэя бяспекі адкрылася ў Магілёўскай абласной дзіцячай бальніцы. Напярэдадні Новага года карысны і творчы падарунак пацыентам установы аховы здароўя паднеслі супрацоўнікі МНС і навучэнцы Магілёўскага каледжа мастацтваў.

Галерэя размясцілася ў фае абласной бальніцы: на сценах з’явіліся тэматычныя мультыплікацыйныя сюжэты і надпісы, якія вучаць дзяцей правільным паводзінам у розных непрадбачаных і небяспечных сітуацыях. Экспазіцыю дапоўніла выстава малюнкаў «Бяспечны Новы год», падрыхтаваная сіламі юных пацыентаў. Такі спосаб данесці да дзяцей правілы бяспекі даступны і вельмі эфектыўны, упэўненыя медыкі і ратавальнікі.

Пасля адкрыцця галерэі дзяцей чакаў яшчэ адзін прыемны сюрпрыз: першы намеснік начальніка Магілёўскага гарадскога аддзела па НС Вячаслаў Башарымаў падарыў дзецям настольныя гульні, канцылярскія прыналежнасці і тэматычную прадукцыю ведамства. Віншаванне стала часткай рэспубліканскай дабрачыннай акцыі «Нашы дзеці».

Не абышлося і без галоўнага героя навагодніх святаў – Дзеда Мароза, які эфектна з’явіўся ў галерэі бяспекі праз акно. Дзеці парадавалі яго вершамі і віншаваннямі, а ён іх – салодкімі падарункамі.

БЕЛТА

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая