RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Галерэя рамёстваў і мастацкай творчасці адкрылася ў Магілёўскім эканамічным прафтэхкаледжы

Галерэя рамёстваў і мастацкай творчасці адкрылася ў Магілёўскім эканамічным прафесійна-тэхнічным каледжы. Тут можна наглядна ўбачыць свет народных промыслаў і пазнаёміцца з побытам беларусаў мінулых стагоддзяў, расказалі ва ўстанове адукацыі.

Галерэя рамёстваў мае тры асноўныя залы, у якіх прадстаўлена некалькі тэматычных экспазіцый. У іх увайшло больш за 700 розных экспанатаў, у тым ліку больш за 150 карцін з выявай гістарычных пабудоў Магілёўскай вобласці і Беларусі, геральдычная калекцыя з 70 гербаў, а таксама збор гістарычных карт, выкананы на льняных тканінах. У галерэі шырока прадстаўлены саломапляценне, разьба і роспіс па дрэве, батык, вышыўка, калекцыя нацыянальнага адзення, фларыстыка, дэкупаж, валянне воўны. Разам з беларускай народнай тэматыкай у галерэі ёсць месца сучаснага мастацтва, адзначылі ў каледжы.

«Ідэя стварэння галерэі з’явілася даўно, бо наш каледж багаты на таленавітых майстроў, настаўнікаў і вучняў, – адзначыў загадчык аддзела сярэдняй спецыяльнай адукацыі каледжа Дзмітрый Пятроў. – Гэта пацвярджаюць шматлікія прызавыя месцы і дыпломы творчых конкурсаў. Акрамя таго, адзін з кірункаў дзейнасці навучальнай установы – выраб сувеніраў больш за 1 тыс. найменняў. Сярод іх ёсць вырабы неверагоднай прыгажосці, якім неабходная дэманстрацыйная платформа. Галерэя стала для гэтага выдатным рашэннем».

Метадычная работа па стварэнні шэрагу музеяў рознай накіраванасці вядзецца ў каледжы не адно дзесяцігоддзе. У 2012 годзе тут адкрылі гісторыка-этнаграфічны музей, затым – музей гісторыі каледжа і духоўна-асветніцкі цэнтр. Цяпер да іх далучылася галерэя рамёстваў і мастацкай творчасці. «У нас ёсць музейныя экспазіцыі ў падвалах, калідорах і на гарышчах будынка плошчай больш за 1,5 тыс. кв. м, – удакладніў Дзмітрый Пятроў. – Пад рамесную галерэю таксама прыстасаванападвальнае памяшканне. Вялікая творчая група больш за паўгода працавала над пераўтварэннем інтэр’еру, стварэннем адзінай кампазіцыі і канцэпцыі гэтай творчай тэрыторыі».

Сёння Магілёўскі эканамічны прафесійна-тэхнічны каледж працуе над аб’яднаннем усіх музеяў у адзіны комплекс і наданнем яму афіцыйнага статусу. «Кожны з нашых музеяў паасобку мае сваю самабытнасць і непаўторны каларыт, у той жа час усе яны гарманічна дапаўняюць адзін аднаго, – адзначыў дырэктар навучальнай установы Алег Бахановіч. – Стварэнне афіцыйнага музейнага комплексу дасць магчымасць весці асветніцкую працу з падрастаючым пакаленнем на больш высокім узроўні. Намі ўжо распрацавана серыя экскурсій рознай працягласці па экспазіцыях каледжа. Акрамя таго, ствараецца кіназала, дзе наведвальнікі змогуць дапоўніць свае ўражанні ад убачанага».

Як і іншыя музеі каледжа, галерэя рамёстваў адкрыта ўсім жадаючымдля бясплатнага наведвання. Тут можна не толькі пазнаёміцца з традыцыйнай народнай творчасцю, але і набыць на памяць падарунак у спецыяльнай сувенірнай краме.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая