RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Гасцямі свята ў Александрыі сталі сёлета каля 70 тыс. чалавек

Гасцямі свята ў Александрыі сталі сёлета каля 70 тыс. чалавек. Пра гэта паведаміў намеснік начальніка міліцыі грамадскай бяспекі УУС Магілёўскага аблвыканкама Сяргей Волкаў.

«У Шклоўскім раёне прайшло адно з галоўных святаў лета – «Купалле», – адзначыў Сяргей Волкаў. – На беразе Дняпра, які злучае Віцебскую і Магілёўскую вобласці, сабралася вялікая колькасць гасцей. Сюды з’ехаліся некалькі дзясяткаў тысяч гасцей і ўдзельнікаў, звыш за паўтысячы народных умельцаў. У месцах правядзення масавых мерапрыемстваў ахову грамадскага парадку забяспечвалі супрацоўнікі міліцыі, прадпрымаліся дадатковыя меры бяспекі: арганізаваны кантрольна-прапускны рэжым з надгляднымі мерапрыемствамі, змянялася схема руху аўтатранспарту. Парушэнняў грамадскага парадку на свяце не дапушчана».

Рэспубліканскае свята «Купалле» («Александрыя збірае сяброў») прайшло 9-10 ліпеня ў аграгарадку Александрыя Шклоўскага раёна. У яго праграму ўвайшлі праца тэматычных пляцовак, гандлёвых і рамесных радоў, прэзентацыя купальскіх падворкаў, выстава тэхнікі і шмат іншага. Апроч гэтага, для гледачоў былі падрыхтаваны займальныя канцэртная і танцавальная праграмы. Завяршылася маштабнае мерапрыемства вялікім гала-канцэртам і святочным феерверкам.

Усяго ў гандлёвым абслугоўванні свята ўдзельнічалі 120 суб’ектаў гаспадарання, гэта 135 гандлёвых аб’ектаў. Агульная працягласць гандлёвай экспазіцыі склала больш як 1,55 км і павялічылася ў параўнанні з папярэднім годам амаль на 150 м. Для камфортнага адпачынку арганізавана 2,9 тыс. пасадачных месц – на 700 больш, чым у 2021 годзе. Гэта крытыя павільёны і адкрытыя пляцоўкі для адпачынку госцей. Праца фудкортаў была арганізавана на працягу ўсяго свята – з 11.00 9 ліпеня да 3.00 10 ліпеня.

«Купалле» ў Александрыі за гады правядзення стала сапраўдным культурным брэндам Беларусі. Фестываль упершыню быў арганізаваны ў 2010 годзе. У 2012-м удзельнікамі свята сталі 50 тыс. чалавек, у 2018-м – 110 тыс. У 2020 годзе фестываль прайшоў пад патранатам ЮНЕСКА.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая