Адкрыты новыя старонкі гісторыі абароны Магілёва
Новыя старонкі гісторыі абароны Магілёва дапамог адкрыць міжнародны гісторыка–патрыятычны праект «Героі абароны. Трагедыя і подзвіг», рэалізаваны ў Музеі Славы Магілёўшчыны. Прысвечаны 85–м угодкам тых гераічных падзей, ён аб'яднаў вядучых даследчыкаў, гісторыкаў, краязнаўцаў, музейных работнікаў з Беларусі і Расіі. Далучыліся да яго людзі розных прафесій, узростаў.

Зніклы медсанбат
Праект стартаваў у сакавіку. Некалькі месяцаў праходзіла міжнародная гісторыка–патрыятычная акцыя «Героі абароны» па зборы раней невядомых фатаграфій, дакументаў, успамінаў, лістоў, асабістых рэчаў удзельнікаў абароны Магілёва і Дняпроўскага рубяжа.
Намеснік старшыні Тульскай гарадской рады ветэранаў Яўген Барышнікаў, які шмат гадоў займаецца пошукавай працай, перакананы, што абарона Магілёва і Буйніцкае поле для сучаснікаў маюць сакральнае, якое аб'ядноўвае значэнне:
– Для нас Буйніцкае поле – гэта сімвал «аднаго акопа», крэўнага братэрства, тут плячом да пляча з беларусамі да смерці стаялі сфармаваныя з тулякоў 172–я і 110–я стралковыя дывізіі. Удзельнічаючы гісторыка–патрыятычнай акцыі «Героі абароны», мы па лёсе аднаго чалавека змаглі прасачыць лёс цэлага медсанбата, які лічыўся зніклым без вестак. Гэта 210–ы медсанбат 110–й стралковай дывізіі, якая ў ліпені 1941–га прарывалася з акружэння. У медсанбаце медсястрой служыла наша зямлячка Ганна Васіна. З вайны не вярнулася, але і ў спісах загінуўшых не значылася. У архівах адшукалі ліст, дасланы ў Тулу жыхаркай Мсціслаўля партызанкай Вольгай Кушыньковай, якая распавяла, што 210–ы медыка–санітарны батальён, уключаючы лекараў, параненых байцоў, трапіў у акружэнне ў раёне Мсціслаўля. Яна насіла палонным малако і хлеб, некалькіх выратавала. Але большасць з іх загінулі. 23‑гадовую Ганну Васіну за сувязь з партызанамі фашысты расстралялі ўвосень 1943‑га.
Жменьку зямлі з яе магілы перадала тулякам дырэктар Мсціслаўскага раённага гісторыка–археалагічна гамузею Людміла Кірыенка. Яны ёй наўзамен – дакументы аб лёсе «зніклага» медсанбата.
Культурны код
Вось ужо 15 гадоў пад кіраўніцтвам прафесара Тульскага філіяла Расійскага эканамічнага ўніверсітэта імя Г. В. Пляханава, генеральнага дырэктара гісторыка–асветніцкага цэнтра «Пераемнасць» Людмілы Растоўцавай выходзіць серыя кніг «Мы памятаем...». Праект, прысвечаны подзвігу савецкага народа, уключае архіўныя дакументы, успаміны герояў і сведкаў вайны.
– Выдадзена шэсць выпускаў, гэта дзесяць важкіх тамоў. Колькасць аўтараў набліжаецца да паўтары тысячы – гэта нашы суайчыннікі з 50 рэгіёнаў Расіі, жыхары яшчэ 14 краін. У кожнай з кніг расказваецца аб абароне Магілёва.
Па словах Людмілы Растоўцавай, сярод тых, хто піша пра вайну, нямала беларусаў, якія трапятліва ставяцца да захавання гістарычнай памяці.
– Любое мерапрыемства, звязанае з абаронай Магілёва, няхай гэта будзе канферэнцыя, круглы стол, праект, важныя і патрэбныя, – падкрэслівае магілёўскі гісторык, пошукавік, пісьменнік Мікалай Барысенка. – Музей Славы Магілёўшчыны будзе цэнтрам прыцягнення вучоных, гісторыкаў, краязнаўцаў, якія займаюцца вывучэннем гэтай гераічнай і трагічнай старонкі ў гісторыі Вялікай Айчыннай.
Гэта асабістае
Дзеля ўдзелу ў праекце пенсіянер Анатоль Дабралежа з Каменскага раёна Тульскай вобласці пераадолеў больш за 600 кіламетраў, знаходзячыся за рулём каля васьмі гадзін.
– Для мяне тэма абароны Магілёва мае асаблівае значэнне. Упершыню назву гэтага горада я пачуў падлеткам. Ад бацькі Міхаіла Максімовіча, які разам з земляком Іванам Саламасавым ваяваў на Буйніцкім полі ў складзе 388–га стралковага палка пад камандаваннем Сямёна Куцепава, – распавёў Анатоль Міхайлавіч. – Саламасаў прапаў без вестак пры выхадзе з акружэння. Мой бацька выжыў, далучыўся да партызанскага атрада, падчас адной з аперацый быў цяжка паранены. Аскепкі выбуху міны раздрабнілі галёнкаступнёвы сустаў. Ветэрынар, які быў у атрадзе за доктара, прыняў рашэнне ампутаваць частку нагі. Наркоз замяніў шклянку «першача», аперацыйным сталом стаў пень, інструментам – звычайная піла. Нажаль, з–за адсутнасці антыбіётыкаўпачалася гангрэна, праз пару дзён нагу прыйшлося «ўкараціць» зноў. Калі і гэта не дапамагло, за цяжкапараненымі прыбыў самалёт з «Вялікай зямлі». У маскоўскім шпіталі бацька перажыў яшчэ адну аперацыю, вярнуўся ў 1943–м без нагі.
Упершыню ўдзельнічала ў такім вялікім праекце дзесяцігадовая школьніца з Магілёва Варвара Пушкарова. У конкурсе малюнка, прысвечанага абароне Магілёва, яна адлюстравала лётчыка Мікалая Цярохіна, які за мужнасць і гераізм, праяўленыя ў гады Вялікай Айчыннай вайны, гэтай вясной быў пасмяротна ўдастоены звання Героя Расійскай Федэрацыі. Магілёўскія музейшчыкі, дарэчы, дапамагалі расейцам збіраць дакументы на прадстаўленне да ўзнагароды.
Пераемнасць пакаленняў
У тым, што дзякуючы беспрэцэдэнтнаму праекту падзеі 1941 года застаюцца актуальнымі для сучаснага пакалення, пераканана праўнучка маршала Георгія Жукава Варвара Ярохіна:
– Для маскоўскага Музея Перамогі, дзе я працую, асабліва важна, што праект раскрывае асабістыя лёсы франтавікоў. Такая падача гісторыі цікавая маладым сучаснікам. Праз нашу глабальную міжнародную ініцыятыву «Тэрыторыя Перамогі» праект можа стаць даступным у больш чым 300 музеях Беларусі і Расіі.
Па словах дырэктара Магілёўскага абласнога краязнаўчага музея імя Я. Р. Раманава Яўгена Белавусава, па выніках праекта «Героі абароны. Трагедыя і подзвіг» будзе сфарміравана электронная база даных удзельнікаў абароны Магілёва, выдадзены зборнік навуковых работ.
Переводчик