Быў галоўным каталіцкім храмам у Расійскай імперыі: чым адметны касцёл Унебаўзяцця Дзевы Марыі ў Магілёве
Касцёл Унебаўзяцця Дзевы Марыі ў Магілёве
Вялікі, прыгожы, з багатай гісторыяй і важным сучасным статусам. Гэты каталіцкі храм, хаця і знаходзіцца ў самым цэнтры Магілёва, увагу прыцягвае не адразу. Каб разгадаць яго векавыя таямніцы, спачатку трэба знайсці да яго шлях, абыходзячы іншыя будынкі і яркія шыльды.
Сабор Унебаўзяцця Дзевы Марыі быў пабудаваны ў першай палове XVIII стагоддзя на месцы згарэлага драўлянага касцёла, які ўваходзіў у комплекс кармеліцкага манастыра.

Манастырскім ён мог і застацца, але неўзабаве Магілёў быў далучаны да Расійскай імперыі. Па ўказе Кацярыны ІІ тут была заснавана архідыяцэзія, якой падпарадкоўваліся ўсе каталіцкія парафіі вялізнай краіны. Таму з 1783 г. касцёл стаў кафедральным. Стараннямі тутэйшага арцыбіскупа Станіслава Богуша–Сестранцэвіча адкрылі друкарню і семінарыю, разбілі фруктовы сад – духоўнае жыццё біла ключом.
Нягледзячы на тое, што ў савецкія гады касцёл быў зачынены, да нашых дзён ён дайшоў у цудоўным стане. Порцік з вялікімі калонамі, вежы, масіўныя дзверы – усё гэта падкрэслівала асаблівы статус храма. У канцы XVIII стагоддзі сцены і зборы ўпрыгожылі фрэскі з евангельскімі сюжэтамі. Работы, што асабліва каштоўна, выканалі мясцовыя майстры: выкладчык жывапісу Магілёўскай духоўнай семінарыі Главацкі, мастак Піятроўскі, а таксама вучні–манахі Пётр, Лук'ян і Рыгор. Унікальныя роспісы і зараз лічацца аднымі з найбольш поўных фрэскавых біблейскіх цыклаў на тэрыторыі Беларусі. Менавіта яны прывабліваюць тысячы і тысячы турыстаў кожны год.
Яшчэ адным гонарам касцёла па праве лічыўся арган з рэдкімі керамічнымі трубамі, якія давалі неверагодна багатую палітру гукаў. Такіх інструментаў у свеце было толькі чатыры! На жаль, у савецкія гады ён бясследна знік... Толькі некалькі гадоў таму ў саборы зноў загучаў механічны орган (да гэтага на працягу амаль трох дзесяцігоддзяў тут выкарыстоўвалі электронны), які спецыяльна даставілі з Нідэрландаў.
Цяпер касцёл Унебаўзяцця Дзевы Марыі носіць статус сокафедральнага сабора Мінска–Магілёўскага архідыяцэзіі.
Переводчик