У Беларусі - Дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і генацыду беларускага народа
85 гадоў таму, 22 чэрвеня 1941 года, пачалася Вялікая Айчынная вайна, якая стала найвялікшай трагедыяй і найвялікшым подзвігам беларускага народа. З першых дзён акупацыі гітлераўцы і іх памагатыя планамерна і бязлітасна праводзілі ў Беларусі палітыку генацыду і выпаленай зямлі. Яе ўвасабленнем былі спаленыя вёскі і гарады, незлічоныя карныя аперацыі, лагеры смерці, турмы і гета, публічныя пакаранні і масавыя расстрэлы. Аднак беларусы аказалі ворагу небывалае па маштабе і ўпартасці супраціўленне, праявілі бяспрыкладную стойкасць, гераізм і мужнасць. Вораг быў зламаны – воляй кожнага салдата, партызана, падпольшчыка, працаўніка тылу, зламаны адзінствам народа, які адмовіўся схіліць галаву перад захопнікамі.
22 чэрвеня ў Беларусі адзначаюць Дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і генацыду беларускага народа. У гэты дзень успамінаюць тых, хто цаной свайго жыцця выканаў абавязак па абароне Радзімы, усіх загінулых ад рук фашыстаў і памерлых у тыле ад голаду і нягод.
Пачатак вайны
На світанні 22 чэрвеня 1941 года фашысцкая Германія, парушыўшы Дагавор аб ненападзенні, пачала вайну супраць Савецкага Саюза. Згодна з планам «Барбароса», нямецкае ваеннае кіраўніцтва разлічвала правесці маланкавую вайну і адным ударам разграміць СССР. На тэрыторыю Беларусі наступала самая магутная групоўка нямецкіх войскаў. Варожая авіяцыя бамбіла чыгуначныя вузлы, аэрадромы і гарады, уключаючы Брэст, Гродна, Ваўкавыск, Баранавічы і інш.
22 чэрвеня першымі рух каля савецкай граніцы заўважылі пагранічныя нарады. Лінейныя заставы пагранатрадаў у 4.00 зведалі моцны артылерыйскі і мінамётна–кулямётны абстрэл. Пасля першых ашаламляльных залпаў, непазбежнага хвіліннага замяшання пачуліся галасы камандзіраў: «Застава, у ружжо!»
Пад прыкрыццём артылерыі нямецка–фашысцкія войскі пачалі фарсіраваць пагранічныя рэкі. Ад заходняга берага сталі адплываць лодкі, плыты з пяхотай праціўніка, на ўсходні бераг пачалі выбірацца плаваючыя танкі, якія рушылі на ўсход, выходзячы да асноўных магістралей і дарог. Для знішчэння пагранічных застаў былі вылучаны спецыяльныя атрады аўтаматчыкаў.
Ужо ў 10.45 намеснік начальніка Заходняй пагранічнай акругі камбрыг А.П.Курлыкін дакладваў у штаб: «Баі ідуць па ўсім фронце, амаль ва ўсіх атрадах парушана сувязь, пагранічнікі змагаюцца да канца».
Стойкасць пагранічнікаў, іх масавы гераізм парушылі планы германскага камандавання, якое выдзеліла на падаўленне пагранічных застаў 30 мінут. Гітлераўцы захапілі Брэст і поўнасцю акружылі крэпасць, аднак яе абаронцы аказалі ўпартае супраціўленне захопнікам. Асобныя групы савецкіх воінаў прадаўжалі змагацца ў крэпасці да 20–х чысел ліпеня 1941 года.


Моцнае супраціўленне сустрэлі нямецкія войскі і на поўдзень ад Брэста, дзе 22 чэрвеня 1941 года савецкая 75–я стралковая дывізія пад камандаваннем генерала С.І.Нядвігіна сумесна з караблямі Пінскай ваеннай флатыліі ў раёне Маларыты спыніла наступленне 53–га нямецкага армейскага корпуса. Дзякуючы ўмелым дзеянням савецкай групоўкі на гэтым напрамку тры нямецкія дывізіі, у тым ліку танкавая, былі вымушаны 23–27 чэрвеня перайсці да тактыкі вядзення абарончых баёў.
У першыя дні Вялікай Айчыннай вайны Мінск трапіў пад масіраваныя бамбардзіроўкі варожай авіяцыі. Баі за яго завязаліся 25 чэрвеня, калі часці 2–й і 3–й нямецкіх танкавых груп прарваліся да бліжэйшых подступаў да горада. Сілы былі няроўныя. 28 чэрвеня фашысцкія танкі ўварваліся ў Мінск. Перыяд акупацыі доўжыўся з 28 чэрвеня 1941 года да 3 ліпеня 1944 года.
Войскі Заходняга фронту вялі цяжкія абарончыя баі ў Беларусі, наносілі контрудары. Байцы Чырвонай Арміі прадэманстравалі бяспрыкладную мужнасць і самаадданасць, што прывяло да поўнага крушэння плана маланкавай вайны.
Генацыд беларускага народа
У гады нацысцкай акупацыі на тэрыторыі Беларусі было знішчана не менш як 3 млн мірных грамадзян і ваеннапалонных, сагнана ў нямецкае рабства пад пагрозай смерці больш як 380 тыс. чалавек, з якіх многія загінулі ў выніку невыносных умоў працы, нягод і катаванняў.
За гэты час было знішчана больш за 12,8 тыс. сёл і вёсак, з якіх не менш як 290 населеных пунктаў паўтарылі трагічны лёс Хатыні, гэта значыць былі спалены поўнасцю з жыхарамі і не аднавіліся пасля вайны.
Фашысты і іх памагатыя не толькі вешалі, спальвалі, тапілі, расчлянялі, душылі танкамі нашых людзей, расстрэльвалі прамой наводкай з цяжкіх гармат, але і скідвалі на іх з самалётаў атрутныя рэчывы. З уласцівай ім «нямецкай педантычнасцю» ў час «эксперыментаў» выбіраліся самыя дзейсныя спосабы знішчэння насельніцтва. Акрамя масавага знішчэння насельніцтва, у час карных аперацый ажыццяўлялася насільная дэпартацыя беларускага народа ў Германію для прыцягнення да рабскай працы. Нацысцкія акупанты нярэдка з мэтай утойвання сваіх сапраўдных мэт ужывалі ў вышэйшай ступені цынічныя назвы для карных аперацый, у прыватнасці «Зімовае чараўніцтва», «Вясновае свята» (у некаторых крыніцах «Свята вясны»), «Свята ўраджаю» і інш.
На тэрыторыі Беларусі было праведзена не менш як 187 карных аперацый, дзейнічала 578 лагераў смерці. Сярод іх самы вялікі на ўсёй захопленай савецкай тэрыторыі лагер смерці «Трасцянец», дзе, згодна з апошнімі данымі Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь, загінулі не менш як 546 тыс. чалавек.
Памяць аб подзвігу беларускага народа
У гады вайны на франтах Вялікай Айчыннай змагаліся больш за 1,3 млн беларусаў і ўраджэнцаў Беларусі.

У рэспубліцы нямала зроблена для захавання памяці аб загінулых, і гэта работа прадаўжаецца. Асноўнымі формамі ўвекавечання загінулых у ходзе войнаў з'яўляюцца дзяржаўны ўлік, добраўпарадкаванне і ўтрыманне воінскіх пахаванняў, пахаванняў ахвяр войнаў, унясенне даных у аўтаматызаваны банк даных «Кніга Памяці Рэспублікі Беларусь», стварэнне музеяў, мемарыяльных комплексаў, устаноўка помнікаў і памятных знакаў, прысвечаных важнейшым падзеям Вялікай Айчыннай вайны, прысваенне імёнаў загінулых пры абароне Айчыны геаграфічным аб'ектам і арганізацыям.
На канстытуцыйным узроўні замацавана, што абавязак грамадзян Беларусі – захоўваць гістарычную памяць аб подзвігу беларускага народа. У Беларусі распрацаваны і прыняты законы «Аб недапушчэнні рэабілітацыі нацызму» і «Аб генацыдзе беларускага народа», якія накіраваны на захаванне гістарычнай памяці і спыненне фальсіфікацыі гістарычных падзей. Генеральнай пракуратурай Беларусі вядзецца расследаванне крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Вывучаецца вялікі масіў архіўных дакументаў і крымінальных спраў у адносінах да нацысцкіх злачынцаў. Праведзена ўжо больш за 580 аглядаў участкаў мясцовасці мяркуемых месцаў знішчэння і пахаванняў мірнага насельніцтва. Па выніках разгляду крымінальных спраў ужо асуджаны сем карнікаў.
За праяўленыя масавыя гераізм і мужнасць у барацьбе супраць агрэсараў сталіцы Беларусі Мінску было прысвоена ганаровае званне «Горад–герой». Званне «Крэпасць–герой» атрымала Брэсцкая крэпасць. Узнагародамі адзначаны і іншыя гарады Беларусі. Аб ахвярах вайны і подзвігу народа нагадваюць шматлікія абеліскі, помнікі, мемарыяльныя комплексы, Курган Славы. Важнай навуковай і культурнай установай з'яўляецца Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.
Штогод у гэты дзень па ўсёй краіне праходзяць мерапрыемствы па ўвекавечанні памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і генацыду беларускага народа.
Аляксандр Лукашэнка: наша памяць – шчыт, якім мы стрымліваем агрэсію ваяўнічага рэваншызму
Переводчик