Абноўлены помнік воінам – героям абароны і вызвалення Магілёва адкрылі ў абласным цэнтры. Знакаміты танк Т–34 вярнуўся на сваё гістарычнае месца на скрыжаванні вуліц Касманаўтаў, Якубоўскага і праспекта Міра на новай кальцавой развязцы.


У чэрвені 1944 гады войскі 2–га Беларускага фронта пачалі вызваленчы штурм горада. У баях за Магілёў самааддана дзейнічалі танкісты 43–й асобнай танкавай брыгады. Кровапралітныя баі завяршыліся поўнай перамогай Савецкай арміі. У гонар пераможцаў у 1967 годзе ў цэнтры Магілёва на гранітным пастаменце быў устаноўлены легендарны танк Т–34 – сімвал нязгаснай славы, гераізму і мужнасці савецкіх людзей. З таго часу манумент стаў адным з важных складальнікаў гісторыі абласнога цэнтра.

З часам помнік змяніў прапіску і пераехаў на вуліцу Сурганава, дзе і размяшчаўся да пачатку рэканструкцыі развязкі. Было прынята рашэнне вярнуць танку яго гістарычны выгляд, абнавіць пастамент і размясціць у цэнтры новай кальцавой.

Апроч вяртання танка на сваё гістарычнае месца, абнаўленне гэтага манумента носіць сімвалічны характар. «Танкі Т–34–76 прымалі ўдзел у вызваленні абласнога цэнтра, а на пастаменце ўсталяваная навейшая мадэль Т–34–85 – з больш магутнай гарматай, якая была здольная прабіць браню легендарных нямецкіх «тыграў» і «фердынандаў», – распавёў кіраўнік кіраўнік Магілёўскага абласнога гісторыка–патрыятычнага пошукавага клуба «Вікру», гісторык Мікалай Барысенка. – Ён прапісаўся ў горадзе яшчэ ў 1967 годзе, і з тых часоў стаяў на розных пляцоўках як напамін пра ваенны час. На ім можна ўбачыць нумар, які ў дакладнасці паўтарае малюнак на машыне з 43–й танкавай брыгады, якая ўдзельнічала ў баях за Магілёў, – тут выканана гістарычная дакладнасць».


Адкрылі абноўлены помнік старшыня Магілёўскага гарвыканкама Сяргей Чарткоў і член Савета Рэспублікі, старшыня Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў Аляксандр Гарошкін. «Калі мы абмяркоўвалі канцэпцыю, што зрабіць на кальцы, старшыня Магілёўскага аблвыканкаму прапанаваў ідэю вярнуць танк на гістарычнае месца. Сімвалічна, што мы зрабілі гэта ў дні, калі 85 гадоў таму была гераічная абарона нашага горада, а ў 1944 годзе байцы 43–й танкавай брыгады вызвалялі горад, – распавёў Сяргей Чарткоў. – Мы жывем у мірнай краіне, але павінны шанаваць памяць тых, хто заваяваў для нас свабоду і незалежнасць. Ваенныя дапамаглі рэстаўраваць гэты танк, і мы аднавілі яго ў тым выглядзе, у якім ён быў усе гады. Атрымалася архітэктурна, прыгожа і сімвалічна».


Аляксандр Гарошкін адзначыў, што танк Т–34 – сімвал перамогі і сімвал зброі, што кавалася ў тыле. «Практычна 60 гадоў таму ў памяць аб тых падзеях, у падзяку тым, хто наш горад вызваліў, на гэтым месцы быў усталяваны легендарны танк. Мінулі гады. І тое, што танк, прастаяўшы 60 гадоў, апынуўся практычна на тым жа самым месцы, але ў абноўленым выглядзе, на абноўленым помніку – таксама сімвалічна. Гэта сведчыць аб тым, што мы памятаем і мы ганарымся. Я ўпэўнены, што ён будзе стаяць яшчэ не адно дзесяцігоддзе», – сказаў ён.


Аляксандр Гарошкін падзяліўся і асабістай гісторыяй. У дзяцінстве ён жыл і вучыўся ў месцы непадалёк ад гэтага танка. «Я памятаю, калі яшчэ была вялікая колькасць ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, яны ў святочныя дні збіраліся тут, а потым шэсцем накіроўваліся ў цэнтр горада. А мы стаялі ўздоўж дарогі і кідалі ім кветкі, – распавёў ён. – І зараз мне прыемна, што я сваім дзецям і ўнукам магу паказваць гэты танк і расказваць, як тады было».


БЕЛТА