Другі адкрыты чэмпіянат горада Магілёва па кіданні валёнка адбудзецца 24 студзеня ў абласным цэнтры. Жадаючых паказаць сваю сілу і маладзецкую ўдаласць запрашаюць да 12:00 у парк Паднікольле, расказалі ў аддзеле спорту і турызму Магілёўскага гарвыканкама.

Чэмпіянат пройдзе ў трох узроставых катэгорыях: хлопчыкі і дзяўчынкі да 10 гадоў уключна, юнакі і дзяўчаты ад 11 да 17 гадоў, мужчыны і жанчыны старэйшыя за 18 гадоў. Да ўдзелу можна заявіцца нават усёй сям'ёй, бо спаборніцтвы — добрая нагода правесці час разам.

Кожнаму з удзельнікаў дадуць па тры спробы, каб як мага далей закінуць лямцавы снарад. Як толькі валёнак пералятае за ўсталяваную лінію, чалавек аўтаматычна трапляе ў фінал. Лепшых з найлепшых чакаюць заслужаныя прызы і ўзнагароды, а вынік абсалютных пераможцаў у сваіх узроставых групах будзе зафіксаваны як новы гарадскі рэкорд.

У аддзеле спорту і турызму падкрэслілі, што кіданне валёнка - вясёлая старадаўняя забава, якая карысталася вялікай папулярнасцю на традыцыйных масленічных гуляннях. Сёння такая незвычайная забаўка таксама выклікае жывую цікавасць і знаходзіць сваіх прыхільнікаў.

 СБ