Астанкі больш як 140 ахвяр генацыду беларусаў у гады ВАВ знойдзены ў пяці ямах–магілах у Казіміраўскім лесе ў Магілёве, паведамілі ў службе інфармацыі пракуратуры Магілёўскай вобласці.

Падчас расследавання крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа ў Магілёве ў сумна вядомым Казіміраўскім лесе па вул.Раўчакова ў 2026 годзе завершаны працэс здабывання астанкаў мірных жыхароў – па выніках судовых медыцынскіх экспертыз устаноўлена колькасць людзей, іх пол і ўзрост.

Вынятыя ў пяці ямах–магілах астанкі належаць не менш як 142 грамадзянам, з якіх 56 жанчын і 86 мужчын ва ўзросце ад 25 да 65 гадоў.

Цырымонія перапахавання ахвяр генацыду пройдзе летам 2026 года.

Падчас агляду месцаў здарэнняў з удзелам пракурора – члена следчай групы сумесна з экспертамі ў месцах пахаванняў таксама знойдзены прадметы побыту і хатняга ўжытку людзей: фрагменты абутку, посуд і іншыя рэчы.

Усяго ў рамках расследавання крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа з 2024 года ў лясным масіве з 10 ям–магіл выняты астанкі не менш як 702 чалавек, сярод якіх палова – астанкі жанчын, а таксама адно дзіця. Ахвяр нацысцкіх злачынстваў перапахавалі ў Казіміраўскім лесе паблізу ўстаноўленага памятнага знака «Дрэва жыцця».

Органы пракуратуры працягваюць працу па забеспячэнні прававой ацэнкі падзеяў мінулага.

У Дзяржкамітэце судовых экспертыз дадалі, што ў гэтым годзе ва ўстаноўленых яшчэ пяці ямах пракурорамі сумесна з экспертамі вынята каля 10 тыс. костак і іх фрагментаў. Усе яны даследаваны ў рамках судовых медыка–крыміналістычных экспертыз ва ўпраўленні Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз па Магілёўскай вобласці.

Судовыя эксперты пацвердзілі, што ўсе касцяныя астанкі з'яўляюцца чалавечымі, даўнасць пахавання – звыш 70 гадоў, адпаведна пад уздзеяннем фактараў навакольнага асяроддзя астанкі істотна відазменены.

З пяці толькі адно пахаванне адзіночнае – колькасць парных і няпарных костак дало экспертам падставу сцвярджаць, што астанкі могуць належаць аднаму мужчыну. Астатнія пахаванні групавыя: у іх знаходзілася ад аднаго да шасці дзясяткаў ахвяр.

Перайначаны і фрагментаваны стан касцяных астанкаў не дазволіў судмедэкспертам выказацца аб прыжыццёвых пашкоджаннях і прычыне смерці.

УГКСЭ па Магілёўскай вобласці

БЕЛТА