Астанкі больш як 140 мірных грамадзян, якія загінулі ад рук фашыстаў у гады ВАВ, перапахавалі ў Магілёве
Астанкі больш як 140 мірных грамадзян, якія загінулі ад рук фашыстаў у гады Вялікай Айчыннай вайны, перапахавалі ў Магілёве. Цырымонія прайшла ля памятнага знака ахвярам генацыду беларускага народа каля Казіміраўскага лесу.

Гэты лес стаў месцам зверстваў фашыстаў у гады вайны. Падчас акупацыі нямецка–фашысцкія захопнікі расстрэльвалі тут мірных жыхароў, габрэяў, былых вайскоўцаў і ваеннапалонных. Супрацоўнікі пракуратуры, пошукавікі Магілёўскага абласнога гісторыка–патрыятычнага пошукавага клуба «Виккру» і прадстаўнікі 52–го пошукавага батальёна ВС праводзілі тут сумесныя пошукавыя працы, што дазволіла выявіць раней неўстаноўленыя расстрэльныя ямы.

«Тэма Вялікай Айчыннай вайны, генацыду беларускага народа застаецца актуальнай не толькі для пакаленняў, якія цяпер жывуць, але і будучых. Задача нашых пакаленняў – захаваць гістарычную праўду аб падзеях той вайны. Захаваць памяць аб героях, што вызвалілі нашу Радзіму ад фашызму, аб тых злачынствах і зверствах, што здзяйснялі захопнікі на нашай тэрыторыі. Гэта дазволіць захаваць мір на нашай зямлі», – адзначыў намеснік пракурора Магілёўскай вобласці Андрэй Волкаў.

Пошукавыя работы ў Казіміраўскім лесе вяліся на працягу некалькіх гадоў.
«Цяпер працягваецца расследаванне крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Мы ўстанавілі 45 раней невядомых і няўлічаных месцаў знішчэння нашага мірнага насельніцтва. Ужо ў 22–х з іх мы завяршылі працы, – адзначыў намеснік пракурора Магілёўскай вобласці. – Адно з такіх месцаў – Казіміраўскі лес. У гэтым годзе з пяці ям былі вынятыя астанкі не менш за 142–х мірных грамадзян. А ўсяго за тры гады работ тут было знойдзена 15 расстрэльных ям. З іх дасталі астанкі не менш як 844 грамадзян. Больш за 400 з іх належаць жанчынам»..

Колькасць ахвяр, спосабы знішчэння, планы нацыстаў і іх рэалізацыя на беларускай зямлі сведчыць аб спробах татальнага знішчэння нашага народа. «Усё гэта не павінна знікнуць бясследна з памяці людзей», – падсумаваў намеснік пракурора.
Разведку, пошук і ўздым астанкаў вялі пошукавікі «Віккру». У іх ліку – камандзір атрада «Перамога» Сяргей Каралеў. У пошукавым руху ён ужо каля 20 год. «Самае складанае – гэта ўздым астанкаў. Асабліва, калі выяўляюцца астанкі дзяцей, жанчын. Гэта страшна і складана маральна, – дзеліцца ён. – У маёй працы мяне матывуе тое, што вайну нельга забываць. Для сучаснага пакалення – гэта як карцінка з фільма, калі салдаты ідуць у атаку са зброяй, танкамі, тэхнікай. А насамрэч, вайна – гэта жудасна. І яе цёмны бок адлюстроўваюць падзеі, якія адбываліся ў гэтым лесе».


Кветкі ў памяць аб ахвярах генацыду прынеслі сёння неабыякавыя гараджане, работнікі прадпрыемстваў і арганізацый, школьнікі. Жалобнае мерапрыемства аб'яднала самыя розныя пакаленні. У ліку тых, хто ўшанаваў памяць загінуўшых, – вучаніца 11–га класа сярэдняй школы № 2 Сафія Марціновіч. Дзяўчынка вучыцца ў класе пракурорскай накіраванасці і ўжо выбрала для сябе прафесійны шлях. Гаворыць, што хоча працаваць у пракуратуры, каб дапамагаць людзям, аднаўляць справядлівасць і служыць сваёй краіне.


«Моладзь заўсёды мусіць удзельнічаць у такіх мерапрыемствах. Гэта не толькі магчымасць ушанаваць памяць тых, хто аддаў свае жыцці ў дужанні з фашыстамі. Менавіта дзякуючы ім мы жывем пад мірным небам, расцем, вучымся, выбіраем прафесію, будуем свае жыцці і сем'і. Вялікая Айчынная вайна – гэта частка нашай гісторыі, гэта наша памяць, – разважае яна. – У нашай краіне вядзецца вялікая праца з боку пракуратуры, якая адкрывае новыя яе старонкі, не дае забыцца, як страшная вайна і страшна, калі адзін народ лічыць, што ён вышэй за іншых. Так не павінна быць, такое ніколі не павінна паўтарацца».


Кветкі да памятнага месца прынёс старшыня Магілёўскага гарвыканкама Сяргей Чарткоў. «Праз дзесяцігоддзі пасля заканчэння Вялікай Айчыннай вайны, мы аддаем зямлі астанкі людзей, чые жыцці былі бязлітасна абарваны фашысцкімі катамі. Прайшло шмат гадоў з тых страшных падзей, але час не ўладны над памяццю, і боль страты не сціраецца дзесяцігоддзямі, – сказаў ён. – Мы не маем права забываць пакуты нашых старых, жанчын і дзяцей, адзінай віной якіх было жаданне жыць на сваёй роднай зямлі».



Доўг сучасных пакаленняў – не проста памятаць, а абараняць праўду аб той вайне. «Каб ніколі вера, нацыянальнасць і паходжанне не станавіліся падставай для нянавісці і знішчэння», – падсумаваў Сяргей Чарткоў.


Переводчик