Беларусы з 1 кастрычніка змогуць заказваць дровы анлайн
Беларусы з 1 кастрычніка змогуць заказваць дровы анлайн. Аб гэтым паведаміў міністр лясной гаспадаркі Сяргей Ульдзіновіч у эфіры тэлеканала «Першы інфармацыйны».
«У бягучым годзе ўжо рэалізавана больш за 3,1 млн куб.м дроў унутры краіны. Мы бачым рост да ўзроўню мінулага года на больш як 200 тыс. куб.м. Людзі актыўна рыхтуюцца да ацяпляльнага сезона. Я думаю, гэта не мяжа, яшчэ будзе сур'ёзнае спажыванне», – сказаў Сяргей Ульдзіновіч.
Ён адзначыў, што сёння няма праблем з набыццём дроў. «Мы робім усё для таго, каб людзям было зручней гэта зрабіць. З 1 кастрычніка дровы можна будзе заказаць анлайн. Не трэба ехаць у лясніцтва. Любы грамадзянін, знаходзячыся дома, на рабочым месцы, дзе хочаце, можа зайсці на сайт і аформіць анлайн заяўку. З мэтай кантролю своечасовасці і выканання заявак фарміруюцца журналы, у тым ліку пратэрмінаваных заявак, – гэты момант будзе пад кантролем з выкарыстаннем тэхнічных магчымасцей. Акрамя таго, мы бачым апошнім часам, што расце попыт на колатыя дровы. Таму ставім перад сабой задачу павялічыць аб'ём выпуску гэтай прадукцыі. Пры неабходнасці будзем закупляць абсталяванне, яго ўстанаўліваць, каб задаволіць попыт», – дадаў міністр лясной гаспадаркі.
Переводчик