Экалагічныя прыярытэты і зялёныя тэхналогіі: пра што гаварыла Надзея Каткавец з калектывам Магілёўскага ДСК
Экалагічную бяспеку, укараненне зялёных тэхналогій на вытворчасцях, а таксама ўклад кожнага чалавека ў захаванне прыроднай спадчыны абмеркавалі ў ААТ «Магілёўскі домабудаўнічы камбінат» у рамках адзінага дня інфармавання па тэме «Экалагічная культура – адказнасць кожнага». З калектывам сустрэлася памочнік Прэзідэнта – інспектар па Магілёўскай вобласці Надзея Каткавец.

На сустрэчы з работнікамі ДСК лектар Магілёўскай абласной арганізацыйнай структуры «Беларускае таварыства «Веды», дэкан факультэта кіравання і інавацый Беларуска–Расійскага ўніверсітэта, кандыдат фізіка–матэматычных навук Ілля Макавецкі падрабязна гаварыў пра экалагічны «мікраклімат» у краіне. Прыродныя багацці, якія мае Беларусь, — дадзенасць, аднак уклад дзяржавы ў падтрыманне экалогіі велізарны. Дзейнічае шэраг праграм, накіраваных на паляпшэнне экалагічнай абстаноўкі, прадпрыемствы прыкладаюць намаганні, каб знізіць працэнт выкідаў у прыроду, нарасціць долю другаснай перапрацоўкі адходаў. На думку Надзеі Каткавец, з такім парадкам дня інфармавання размаўляць з калектывам лёгка:
– Не толькі сёння ці ў апошні час мы задумаліся аб тым, што трэба звяртаць увагу на экалагічныя моманты і аспекты. Дзяржава ў асобе органаў дзяржаўнага кіравання і кожны чалавек паасобку вельмі сур'ёзна ставяцца да ўсіх гэтых пытанняў. І па навядзенні парадку там, дзе ён жыве, і па навядзенні парадку ў грамадскіх месцах, і ў адносінах да такіх глабальных пытанняў як месцы адпачынку, збор смецця.

Надзея Каткавец падзялілася вопытам наведвання Бабруйскага смеццеперапрацоўчага завода, які зусім нядаўна ўвялі ў эксплуатацыю ў Магілёўскай вобласці. Апроч высокай аўтаматызацыі ў сартаванні збору смецця там можна было назіраць, як часам самі людзі не заўсёды адказна падыходзяць да тэмы паасобнага збору адыходаў.


— Таму ў пытанні экалогіі галоўны – чалавек і яго стаўленне да тэмы. Людзям трэба даносіць, паказваць і расказваць пра ўплыў на экалагічную бяспеку. Бо тое, што патрабуецца ад краіны, дзяржава выконвае. Трэба даносіць усё гэта да чалавека, бо гэта наша якасць жыцця, нам усім хочацца жыць у камфорце, – лічыць Надзея Каткавец.

Зносіны выйшлі за рамкі заяўленай тэмы. Калектыў домабудаўнічага камбіната цікавілі пытанні развіцця Магілёва, будаўніцтва новых аб'ектаў у горадзе, транспартныя зносіны, замацаванне маладых спецыялістаў. Інжынер тэхнічнага аддзела прадпрыемства Анастасія Кацельнікава пацікавілася ў памочніка Прэзідэнта — інспектара па Магілёўскай вобласці, ці плануецца пусціць дадатковыя аўтобусы па дарозе–дублеры ў мікрараёне Спадарожнік:
— Я жыву ў Казіміраўцы, і, на мой погляд, гэты мікрараён было б зручна звязаць з горадам праз дарогу–дублер. На час, калі на скрыжаванні вуліцы Касманаўтаў і праспекта Міра ўладкоўвалі кольцы, цалкам змянілі маршруты і расклад грамадскага транспарта, маршрутак. Таму пацікавілася, ці прапрацоўваецца магчымасць зноў вярнуць туды транспарт. Надзея Мікалаеўна запэўніла, што пытанне будзе вывучанае. Дарэчы, па нашым мікрараёне пусцілі электробусы. У іх ёсць кандыцыянеры, што вельмі зручна ў моцную спякоту, яны камфартабельныя, ціхія, зручныя і дастаткова прасторныя. І гэта экалагічны від транспарту. Заўважаю, што па горадзе ездзяць шмат электрамабіляў. Таму трэнд на «зялёны» транспарт у нас прасочваецца.

На думку Насці Кацельнікавай, сустрэча атрымалася цікавай:
– Заўсёды выдатна, калі да нас запрашаюць такіх спікераў. Карысна паслухаць экспертаў, бо крыніц інфармацыі шмат, і часам не ведаеш, каму можна давяраць. А тут перад намі чалавек, які расказвае пра тое, з чым непасрэдна працуе. І магчымасць задаць свае пытанні – гэта вельмі каштоўна.
Уражаннямі ад сустрэчы падзялілася таксама інжынер па ахове навакольнага асяроддзя прадпрыемства Ірына Курносенка:
– Наша дзяржава робіць вялікі ўклад у развіццё экалогіі, паляпшэнне якасці паветра і вады, сартаванне адходаў, каб знізіць выкіды ў навакольнае асяроддзе. Але важна разумець, што ўсё гэта – яшчэ і адказнасць кожнага з нас. Мы павінны ўдзельнічаць у экалагічных акцыях, мерапрыемствах па пасадцы лесу, у звычайным жыцці – эканоміць ваду, сартаваць смецце. На нашым прадпрыемстве таксама праводзіцца вялікая работа ў частцы экалагічнай бяспекі: зніжэнне выкідаў у атмасферу, скарачэнне аб'ёмаў адходаў, якія мы адпраўляем на пахаванне. Мы павялічылі аб'ёмы адходаў, якія адпраўляем на другасную перапрацоўку. Так, за студзень – ліпень 2026 года да такога ж перыяду 2025 года колькасць адходаў, якія перадаюцца нашым прадпрыемствам на пахаванне, знізілася на 48 працэнтаў. Таксама выкіды ад аўтатранспарту зніжаюцца за кошт паступовага абнаўлення аўтапарка прадпрыемства. Усё гэта таксама пазітыўна ўплывае на экалогію.







Переводчик