Больш за 200 школьнікаў Магілёва сабраліся ў абласным цэнтры творчасці, каб урачыста адкрыць летнюю аздараўленчую кампанію 2026 года і адзначыць Міжнародны дзень аховы дзяцей.


Для выхаванцаў дзіцячых лагераў дзённага знаходжання цэнтра творчасці і дзяцей з замацаваных устаноў арганізавалі насычаную праграму: майстар–класы па выяўленчым і дэкаратыўна–прыкладным мастацтве, заняткі па тэхнічнай творчасці, уключаючы робататэхніку і мадэляванне, а таксама спартыўныя спаборніцтвы, краязнаўчы квіз, віктарыны і турыстычны прывал.

Начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Магілёўскага аблвыканкама Людміла Здорыкава адзначыла важнасць падтрымкі дзіцячага адпачынку ў краіне. «Гэтае свята паказвае, колькі ўвагі надаецца ў нашай краіне маладым беларусам, – сказала Людміла Здорыкава дзецям. – Наперадзе ў вас выдатная пара – летнія канікулы. Жадаю правесці гэтыя дні з максімальнай карысцю: умацаваць здароўе, атрымаць станоўчыя эмоцыі, здабыць новых сяброў і ўзбагаціцца новымі ведамі».


Для многіх удзельнікаў летнік пры цэнтры творчасці стаў ужо традыцыйным месцам правядзення канікулаў. Вучаніца 8–га класа сярэдняй школы №28 Магілёва Анжаліка Укалова наведвае яго чацвёрты год запар. «Мне вельмі падабаецца лагер: тут добрыя важатыя, класная атмасфера і дружныя хлопцы, – падзялілася яна. – Дзякуючы гэтаму лагеру я вяртаюся ў дзяцінства і адчуваю сябе маленькім дзіцем. Калі сюды прыходзіш, настрой паднімаецца імгненна».


Арцём Галуза з сярэдняй школы №27 расказаў, што гэта яго першы вопыт наведвання лагера. Хлопчык зазначыў, што адразу знайшоў тут занятак па душы і сустрэў аднакласніка. «У лагеры весела, можна знайсці новых сяброў і добра правесці летнія вакацыі, – сказаў Арцём. – Сёння на пляцоўцы шмат інтэрактыўных гульняў, дзе кожны можа знайсці сабе забаўку, якая яму падабаецца».


Навучэнка 8–га класа гімназіі №1 Магілёва Дар'я Пашкевіч таксама прызналася, што гэта яе любімы лагер. Паводле яе слоў, менавіта тут яна знайшла сапраўдных сяброў. «У 2023 годзе я патрапіла сюды выпадкова і думала, што мне тут не спадабаецца, – успомніла Дар'я. – Але гэтая змена запомнілася мне на ўсё жыццё. За чатыры гады лагер стаў маім самым любімым месцам. І я з задавальненнем прыходжу сюды».


БЕЛТА