Каардынацыйны савет грамадскіх аб'яднанняў і палітычных партый вобласці разгледзеў пытанне стварэння і ўсталявання мемарыяльнай дошкі дэпутату ВС БССР, які загінуў пры абароне Магілёва
Пасяджэнне Каардынацыйнага савета грамадскіх аб'яднанняў і палітычных партый Магілёўскай вобласці адбылося сёння ў аблвыканкаме пад старшынствам Аляксандра Гарошкіна.


Цэнтральным пытаннем парадку дня стала абмеркаванне адкрыцця рахунку для стварэння і ўстаноўкі мемарыяльнай дошкі дэпутату Вярхоўнага Савета БССР 1–га склікання Мікалаю Міхайлавічу Быстрову, які загінуў пры абароне Магілёва.

З дакладам па тэме звярнулася да ўдзельнікаў пасяджэння член Пастаяннай камісіі па міжнародных справах Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Галіна Бяляева. Як было адзначана ў яе выступленні, Палатай прадстаўнікоў вядзецца планамерная работа па ўвекавечанні імёнаў дэпутатаў Вярхоўнага савета БССР 1–га склікання, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Сярод 95 дэпутатаў значыцца і Мікалай Быстроў (1899–1941 гг.). Па наяўных дадзеных, ён быў удзельнікам Першай сусветнай вайны, Кастрычніцкай рэвалюцыі і Грамадзянскай вайны, з 1919 г. – у партыі бальшавікоў і органах ВЧК, ОГПУ, НКУС. У 1925–1932 гадах служыў на мяжы БССР, з 1938 г. быў начальнікам аддзела кадраў НКУС БССР, 26 чэрвеня 1938 г. быў абраны дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР, а ў 1940–1941 гг. узначаліў фабрыку «Камунарка». Як расказала Галіна Бяляева, паводле звестак, якія змяшчаюцца ў лістах яго жонкі, якія захаваліся ў архівах, ён быў накіраваны ў Магілёў для эвакуацыі кандытарскай фабрыкі ім. Х–годдзя Кастрычніка. І загінуў пры абароне горада 23 ліпеня 1941 г. на вале гарадскога саду. У гэты ж дзень ён быў пахаваны, паводле слоў відавочцаў, на тэрыторыі кандытарскай фабрыкі. Вывучэнне архіўных фондаў паказала, што звесткі пра перапахаванне Быстрова адсутнічаюць. У сувязі з гэтым мемарыяльную дошку прапануецца размясціць на будынку былой кандытарскай фабрыкі (зараз будынак ААТ «Магнат»).

«У яго была моцная грамадзянская пазыцыя. І ён з'яўляецца для нас прыкладам дэпутата, і прыкладам мужнасці для сучаснай моладзі, – падкрэсліла Галіна Бяляева.
Удзельнікі пасяджэння ўсебакова абмеркавалі пытанне і вынеслі яго на галасаванне. Па выніку ініцыятыва, накіраваная на захаванне гістарычнай памяці і ўвекавечанне подзвігу абаронцаў Айчыны, была падтрымана. Таксама на пасяджэнні былі разгледжаны іншыя арганізацыйныя пытанні.
Юлія Таранава, фота Галіны Гаўрыловіч
Переводчик