Прыемны сюрпрыз для сваіх маці падрыхтавалі вайскоўцы тэрміновай службы вайсковай часці 72471 у Магілёве напярэдадні 8 Сакавіка. Рабяты запісалі відэазварот з цёплымі словамі і пажаданнямі, а таксама павіншавалі сваіх бацькаў на працоўных месцах. Вынікам такіх нечаканых, але прыемных сустрэч сталі радасныя ўсмешкі, слёзы шчасця і непадробныя эмоцыі.

Аляксей Пярмінаў служыць кіроўцам–пантанерам у пантонна–маставым батальёне 188–й гвардзейскай інжынернай брыгады. У войску ўжо пяць месяцаў. Прызнаецца, што віншаванне мамы стала для яго эмацыйным і кранальным момантам:

Мама ў жыцці кожнага чалавека – важны і любімы чалавек, які заўсёды зразумее, падтрымае і будзе чакаць. Менавіта ўдалечыні ад дома я адчуў сілу безумоўнай матчынай любовi: яна перажывае за маю будучыню, імкнецца падзяліць усе жыццёвыя моманты – і радасці, і гароты. Удзячны ёй за тое, што яна побач, падтрымлівае і словам, і справай. Лічу, што для мужчыны святы абавязак – паважаць сваю маці, дапамагаць ёй ва ўсім.

Настаўніцу матэматыкі сярэдняй школы № 23 Магілёва Алену Пярмінаву сын павіншаваў проста на ўроку. Пад апладысменты старшакласнікаў ён уручыў маме кветкі і пажадаў шчасця, здароўя і вясновага настрою. Жанчына прызнаецца, што такі нечаканы падарунак – спатканне з сынам – стаў для яе самым каштоўным і запамінальным.


– Нашы сыны і дочкі, хай нават самастойныя і пасталелыя, на ўсё жыццё застануцца для нас любімымі дзецьмі. Яны павінны ведаць і памятаць, што дома іх бязмежна любяць і заўсёды чакаюць, – падзялілася яна.

 СБ