Лепшых педагогаў вобласці ўшаноўвалі ў Магілёве
Урачыстае мерапрыемства, прысвечанае Дню настаўніка, прайшло ў Магілёўскім абласным цэнтры творчасці.
Ад імя старшыні Магілёўскага аблвыканкама Анатоля Ісачанкі ўдзельнікаў мерапрыемства прывітаў яго намеснік Алег Стэльмашок. Ён зазначыў, што прафесія настаўніка ва ўсе часы заставалася адной з самых значных і паважаных. «Будучы мудрымі і чулымі настаўнікамі, вы не толькі перадаеце неацэнныя веды падрастаючаму пакаленню, але і выхоўваеце годных грамадзян роднай Беларусі. Вы вучыце дзяцей гонару і годнасці, дабру і справядлівасці, дапамагаеце творча думаць і прымаць самастойныя рашэнні», – сказаў Алег Стэльмашок, зачытваючы віншавальны адрас.

Асаблівыя словы падзякі прагучалі ў адрас ветэранаў педагагічнай працы за іх неацэнны ўклад у адукацыю некалькіх пакаленняў жыхароў Прыдняпроўскага краю.


Начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама Людміла Здорыкава назвала настаўніцкую прафесію прызваннем і служэннем. Яна падкрэсліла, што педагогі штодзень дораць вучням часцінку свайго сэрца і душы, адкрываючы ў іх таленты і падтрымліваючы нават тады, калі самі дзеці ў сябе не вераць. «Кожны дзень вы не толькі дзеліцеся ведамі, але і вучыце самаму галоўнаму – быць па–сапраўднаму сумленнымі і добрымі людзьмі, любіць сваю Радзіму, паважаць бацькоў і шанаваць гісторыю сваёй краіны», – звярнулася да прысутных Людміла Здорыкава.
Таксама яна адрасавала цёплыя словы маладым спецыялістам, якія толькі пачынаюць свой прафесійны шлях. «Хлопцы, не імкнецеся быць ідэальнымі, імкняцеся быць сапраўднымі. Шукайце свой почырк у педагагічнай дзейнасці. Адважвайцеся, верце ў сябе, і ў вас усё абавязкова атрымаецца», – дадала Людміла Здорыкава.

Шэраг педагогаў былі адзначаны ўзнагародамі. Ганаровай граматай Міністэрства адукацыі ўзнагароджана галоўны спецыяліст аддзела па адукацыі Клімавіцкага райвыканкама Ала Асмалоўская. Свой прафесійны шлях яна пачала ў 1997 годзе з пасады выхавацеля групы падоўжанага дня ў сельскай школе. Пазней працавала настаўнікам пачатковых класаў, намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце, метадыстам цэнтра дадатковай адукацыі.
«Сучасны настаўнік павінен ісці ў нагу з часам, прыслухоўвацца да поглядаў дзяцей, якіх ён навучае, самому ўдасканальвацца. Быць крэатыўным і пісьменным. Але асноўнае – гэта любіць дзяцей, таму што толькі так можна дабіцца выніку», – падзялілася сваім досведам Ала Асмалоўская.


Яшчэ адной уладальніцай Ганаровай граматы міністэрства стала выкладчык Магілёўскага дзяржаўнага каледжа будаўніцтва імя А.П.Старавойтава Людміла Салаўёва. Яна ўжо больш за 25 гадоў выкладае хімію. Людміла Салаўёва адзначыла, што для яе гэта вялікі гонар атрымаць такую ўзнагароду. «Прыемна, што мяне адзначылі. Лічу гэтую ўзнагароду падзякай за ўсе мае дасягненні і працу з дзецьмі», – сказала яна.
Галоўнымі якасцямі настаўніка яна назвала цярпенне і матчыны клопат. Па меркаванні педагога, працэс навучання – гэта двухбаковы рух: «Мы вучым рабят, а яны чему–то вучаць нас».


Переводчик