Круглы стол па абмеркаванні актуальных пытанняў правядзення прафілактычнай работы ў сферы супрацьдзеяння распаўсюджванню і спажыванню псіхаактыўных рэчываў сярод непаўналетніх адбыўся 4 лютага. Мерапрыемства прайшло ў рамках абласной міжведамаснай акцыі «Разам», якая стартавала ў рэгіёне з 2 лютага і накіравана на фарміраванне ў дзяцей і падлеткаў устаноўкі на здаровы лад жыцця, папярэджанне ўжывання і распаўсюджвання псіхаактыўных рэчываў.


«Асаблівасць правядзення заключаецца ў адмове ад лекцыйных форм. Выкарыстоўваюцца элементы палілогу, інтэрактыўны і дыялогавы фармат», - адзначаюць арганізатары. Прафілактычныя мерапрыемствы ахопліваюць дзіцячую і падлеткавую аўдыторыю, спецыялістаў, якія працуюць з імі і бацькоўскую грамадскасць.

Адкрываючы мерапрыемства, намеснік начальніка аддзела пракуратуры вобласці Дзяніс Хмялькоў звярнуў увагу: «Колькасць непаўналетніх асоб, якія спажываюць алкагольныя напоі не зніжаецца. Па-ранейшаму актуальным застаецца пытанне супрацьдзеяння наркотыкам. Па гэтых прычынах неабходна акцэнтаваць увагу на вядзенні здаровага ладу жыцця, не забываючы даводзіць меры адказнасці за супрацьпраўныя паводзіны».

Прадстаўнікі камісіі па справах непаўналетніх аблвыканкама, галоўных упраўленняў па адукацыі і ахове здароўя аблвыканкама, упраўлення ўнутраных спраў аблвыканкама ў працэсе дыялогу з рэгіянальнымі студыямі разгледзелі пытанні сучасных падыходаў да методык выяўлення і алгарытмаў дзеянняў па рызыкоўных паводзінах непаўналетніх. У сваю чаргу прадстаўнікі гарадоў і раёнаў вобласці падзяліліся з калегамі напрацоўкамі.

Мерапрыемствы будуць прадоўжаны ва ўсіх рэгіёнах Магілёўскай вобласці да 2 сакавіка бягучага года.

Рэд.