Падчас рэлігійнага свята Радаўніца наведаць могілкі ў адселеных вёсках можна будзе без спецыяльнага пропуску. У Магілёўскім аблвыканкаме адзначылі, што сёлета беспрапускны рэжым будзе дзейнічаць з 18 да 21 красавіка. У іншыя дні ўезд на ўказаныя тэрыторыі ажыццяўляецца толькі па пропусках.

Гэтымі днямі на могілках можна знаходзіцца з 9:00 да 17:00. Для праезду трэба мець пашпарт і дакументы на аўтамабіль.

У Магілёўскай вобласці такіх могілак каля 70. Летась на Радаўніцу іх наведалі больш за дзве тысячы чалавек.

Спецыялісты нагадваюць, пры знаходжанні на ўказаных тэрыторыях неабходна выконваць элементарныя правілы абароны ад радыяцыі. Асноўная колькасць радыенуклідаў знаходзіцца ў верхнім пласце глебы, лясной подсцілцы, моху, кары дрэў. Пры правядзенні работ па добраўпарадкаванні магіл неабходна прымяняць найпростыя сродкі абароны – марлевыя павязкі, пальчаткі, з мэтай прадухілення кантактаў з радыенуклідамі ў пылу. Па канчатку прац верхняе адзенне варта старанна страсянуць, адкрытыя часткі цела вымыць прывезенай з сабой вадой.

Знаходзячыся на тэрыторыі радыеактыўнага забруджвання, забараняецца адхіляцца ад маршруту руху, развядзенне вогнішчаў, падпальванні травы і расліннасці. Неасцярожнае абыходжанне з агнём можа прывесці да пажару, а на тэрыторыі радыеактыўнага забруджвання такі пажар здольны нанесці вялікую шкоду, як навакольнаму асяроддзю, так і здароўю грамадзян. Смецце пасля ўборкі магіл неабходна складаваць у спецыяльна абсталяваных месцах. Спальванне смецця строга забаронена.

СБ