Навыкі самапазнання і дапамогі сабе і іншым. У беларускіх школах з'явяцца два новыя факультатывы
Два новыя факультатывы «Вучымся разумець сябе і іншых» і «Вучымся дапамагаць сабе і іншым» з'явяцца ў беларускіх школах у новым навучальным годзе. Пра гэта паведамілі ў пресс–службе Міністэрства адукацыі.
Праграма заняткаў «Вучымся разумець сябе і іншых» разлічана на навучэнцаў 3–4–х класаў, праграма «Вучымся дапамагаць сабе і іншым» – 5–7–х класаў. Факультатыў будзе праходзіць адзін раз на тыдзень.
У Мінадукацыі растлумачылі, што мэтай факультатыўных заняткаў «Вучымся разумець сябе і іншых» для вучняў пачатковай школы з'яўляецца фарміраванне і развіццё кампетэнцый самапазнання і самаразвіцця, эмацыйнай рэгуляцыі і камунікацыі. У ходзе факультатыва «Вучымся дапамагаць сабе і іншым» школьнікі, акрамя самапазнання, асвояць навыкі кааперацыі і працы ў камандзе.
«У кожным узросце ёсць перыяды для развіцця пэўных сфер асобы, – расказала метадыст цэнтра ацэнкі якасці адукацыі Акадэміі адукацыі Марыя Гарбунова. – У пачатковай школе вельмі важна асвоіць навыкі самадапамогі. Таму на факультатыве для 3–4–х класаў мы вучым дзяцей вызначаць свае эмоцыі, супакойваць сябе. Сутнасць заняткаў – не вывучыць вызначэнне трывогі або страху, а навучыцца пражываць і спраўляцца з гэтымі пачуццямі. Усе заняткі пабудаваны на гульнях, практыкаваннях, разборы сітуацый. Паколькі факультатывы праходзяць у невялікіх групах, школьнікі разам з педагогам змогуць прайграць спрэчныя сітуацыі і знайсці з іх выхад, які б задаволіў усіх удзельнікаў канфлікту».
Паводле яе слоў, на апошніх занятках факультатыва «Вучымся разумець сябе і іншых» дзеці пачатковай школы паставяць невялікі спектакль. А падлеткам на факультатыве «Вучымся дапамагаць сабе і іншым» прапануюць пазнавальны квэст. «Мы спадзяемся, што на гэтых занятках школьнікі атрымаюць інструменты для самадапамогі, якія змогуць выкарыстоўваць на працягу ўсяго жыцця», – адзначыла Марыя Гарбунова.
Переводчик