Будаўніцтва і рэканструкцыя станцый абезжалезвання вады і ачышчальных збудаванняў, знос старых пабудоў, барацьба з інвазіўнымі раслінамі: Магілёўскі абласны камітэт прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя падвёў вынікі працы за 2025 год.

Як расказалі спецыялісты, зацверджаныя паказчыкі мерапрыемстваў Года добраўпарадкавання на тэрыторыі вобласці ў мінулым годзе выкананы ў поўным аб'ёме. Перавыкананне адзначаецца па 52 мерапрыемствах з 85 запланаваных. Так, пабудавана 66 станцый абезжалезвання вады пры плане 59, праведзены работы па рамонце вулічна-дарожнай сеткі на плошчы звыш дзвюх тысяч квадратных метраў пры плане 1900. Як адзначылі ў камітэце, пытанні навядзення парадку на зямлі і ў гэтым годзе застануцца адным з асноўных напрамкаў работы.

У 2025 годзе ўстаноўлены 21 факт скіду сцёкавых вод з перавышэннем дапушчальных канцэнтрацый забруджвальных рэчываў. Асноўнай прычынай застаецца нездавальняючы тэхнічны стан ачышчальных збудаванняў, а таксама залпавыя скіды высокаканцэнтраваных сцёкавых вод прадпрыемстваў у цэнтралізаваныя сеткі каналізацыі арганізацый ЖКГ. «Магілёўаблводаканал» у мінулым годзе правёў работы па рэканструкцыі ачышчальных збудаванняў у гарадах Шклоў, Крычаў, Асіповічы за кошт крэдытных сродкаў ААТ «Банк развіцця Рэспублікі Беларусь», а ў горадзе Бабруйску і гарадскім пасёлку Хоцімск - па мадэрнізацыі ачышчальных збудаванняў за кошт уласных сродкаў аблводаканала. Былі ўведзены ў эксплуатацыю новыя ачышчальныя збудаванні штучнай біялагічнай ачысткі з выпускам сцёкавых вод у паверхневыя водныя аб'екты ў аграгарадку Гарбавічы Чавускага і пасёлку Гадылёва Быхаўскага раёнаў.

Як адзначылі спецыялісты, летась Магілёўская вобласць эфектыўна спрацавала па пытаннях выдачы дазволаў на спецыяльнае водакарыстанне: сёння ўсе суб'екты Магілёўшчыны маюць гэтыя дакументы. Яшчэ адзін напрамак, у якім эколагам трэба будзе ўзмоцнена папрацаваць ужо ў гэтым годзе, - выдача суб'ектам гаспадарання дазволаў на выкід забруджвальных рэчываў у атмасфернае паветра.

СБ