Падчас адзінага дня інфармавання начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Магілёўскага аблвыканкама Кацярына Музычэнка правяла сустрэчу з супрацоўнікамі ТАА «Шафаг 88». Галоўнай тэмай дыялогу стала захаванне гістарычнай праўды і памяць аб трагедыях вайны, якія забралі мільёны жыццяў.


85 гадоў аддзяляюць нас ад трагічнай даты – пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Аднак, як падкрэсліла Кацярына Музычэнка ў сваім выступленні перад калектывам сэрвіснай кампаніі, памяць аб тых падзеях жывая ў сэрцах беларусаў.

– Памяць аб жахах Вялікай Айчыннай вайны – у крыві беларускага народа. Практычна кожная сям'я панесла страты, – сказала яна.

Паводле сацыялагічных апытанняў, 94,7% беларусаў праяўляюць жывую цікавасць да гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і прызнаюць яе гістарычную значнасць. І гэта невыпадкова: фашысты пакінулі крывавы сьлед на ўсёй беларускай зямлі. 570 лагераў смерці, больш за 180 карных аперацый, 12 680 спаленых вёсак, 290 населеных пунктаў, якія падзялілі лёс Хатыні – такі страшны лік вайны.


Асаблівую ўвагу Кацярына Анатольеўна надала трагедыі вёскі Боркі Кіраўскага раёна, дзе ў 1942 годзе карнікі спалілі больш за дзве тысячы мірных жыхароў – старых і дзяцей. На месцы той трагедыі сёння ўзведзены мемарыял, адкрыты з удзелам Прэзідэнта.

У Магілёўскай вобласці вядзецца маштабная работа па ўшанаванні памяці ахвяр вайны. За апошнія гады рэканструяваны мемарыялы ў вёсцы Усакіна Клічаўскага раёна, вёсцы Гаі Магілёўскага раёна, устаноўлены помнік у вёсцы Дрануха Чавускага раёна і на вуліцы Раўчакова ў Магілёве. У 2025 годзе адкрыты Музей Славы Магілёўшчыны, дзе на сучасным узроўні прадстаўлена інфармацыя аб подзвігах жыхароў вобласці.


Кацярына Анатольеўна адзначыла і актыўную пошукавую работу, якую вядуць Магілёўскі абласны гісторыка–патрыятычны пошукавы клуб «Вікру» і 52–ы асобны спецыялізаваны пошукавы батальён Міністэрства абароны, вяртаючы з небыцця імёны тысяч загінуўшых абаронцаў Айчыны.

– Галоўная наша задача – не даць нядобразычліўцам перапісаць нашу гісторыю, – падкрэсліла Кацярына Анатольеўна. – Трэба заўсёды памятаць, што мы ўнукі і праўнукі пераможцаў. Ніякі рэванш краін Захаду ў Беларусі ажыццявіць не ўдасца. Беларускі народ пад кіраўніцтвам нашага Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнка яскрава дэманструе, што ён, як і ў гады Вялікай Айчыннай вайны, адзіны.

Сустрэча прайшла ў фармаце адкрытага дыялога, яшчэ раз пацвердзіўшы, што тэма захавання гістарычнай памяці застаецца адной з ключавых у ідэалагічнай рабоце рэгіёну.


mogilevnews.by