Як сумясціць прафесійную рэалізацыю і выхаванне дзяцей? Гэтае пытанне сёння ў цэнтры ўвагі і заканадаўцаў, і прафсаюзаў, і працадаўцаў. У Магілёўскім аблвыканкаме прайшло пасяджэнне абласнога Савета па працоўных і сацыяльных пытаннях, дзе абмеркавалі, якія працоўныя гарантыі ўжо замацаваны законам, а якія дадатковыя прэферэнцыі гатовы прапаноўваць жанчынам наймальнікі рэгіёну.


Правы жанчын на працу і яе абарону дакладна замацаваны ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Як адзначыла старшыня камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне аблвыканкама, член Савета Марыя Шапнеўская, сярод ключавых гарантый – забарона на адмову ў заключэнні працоўнага дагавора па матывах цяжарнасці або наяўнасці дзяцей, а таксама асаблівыя ўмовы абароны жанчын у дэкрэтным водпуску. Закон не дапускае звальнення жанчыны ў дэкрэце па ініцыятыве наймальніка. Калі ў гэты перыяд заканчваецца тэрмін кантракта, ён прадаўжаецца да заканчэння водпуску па догляду дзіцяці, калі жанчына выказала такое жаданне. Акрамя таго, як прапісана ў Пагадненні, за жанчынай захоўваецца працоўнае месца, пакуль дзіцяці не споўніцца пяць гадоў.

– Мы бачым, што гэтыя правы выконваюцца нашымі наймальнікамі. Скаргаў не паступае. Наймальнік ведае пра гэтыя заканадаўчыя нормы, – падкрэсліла Марыя Шапнеўская.


Асобную ўвагу надалі ахове працы і пашырэнню магчымасцей для жанчын з сямейнымі абавязкамі. З 1 студзеня 2024 года ў Беларусі пашыраны магчымасці прымянення дыстанцыйнай работы, што стала важным інструментам для жанчын, якім больш зручна сумяшчаць работу з выхаваннем дзяцей. Гаворачы аб пераглядзе спісаў прафесій са шкоднымі ўмовамі працы, старшыня камітэта адзначыла:

– Міністэрства працы ў апошні час вельмі ўзмоцнена разглядае спісы па шкоднасці. Цяпер гэты спіс скарочаны амаль у два разы: было 150 прафесій, стала крыху больш за 70. І мы ведаем, што на гэтым не спыняцца. Сёння ўжо дазволены шэраг прафесій, звязаных з працай пад зямлёй, якія раней былі для жанчын пад забаронай.

Сустаршыня Савета, старшыня Магілёўскага абласнога аб'яднання прафсаюзаў Ігар Станкевіч распавёў аб працы прафсаюзных арганізацый вобласці. Паводле яго слоў, на пастаяннай аснове вядзецца работа па ўключэнні ў калектыўныя дагаворы дадатковых мер падтрымкі работнікаў з сямейнымі абавязкамі.


– 75% калектыўных дагавораў прадугледжваюць стварэнне ў арганізацыях спрыяльных умоў для работнікаў з сямейнымі абавязкамі; 85,5% прадугледжваюць меры матэрыяльнага і маральнага стымулявання работнікаў да нараджэння дзяцей, – прывёў лічбы Ігар Станкевіч.

Усяго ў Магілёўскай вобласці па стане на 1 студзеня 2026 года дзейнічае 2287 калектыўных дамоваў. У арганізацыях, дзе ёсць прафсаюз, калектыўныя дагаворы змяшчаюць гарантыі для жанчын у адпаведнасці з Працоўным кодэксам, а некаторыя прадпрыемствы ідуць далей, падаючы дадатковыя льготы звыш устаноўленых норм.

На паседжанні прывялі прыклады такіх прадпрыемстваў. У СЗАТ «Магілёўскі вагонабудаўнічы завод» падаюць гнуткія формы занятасці для цяжарных жанчын і маці з дзецьмі да 14 гадоў – графік зрушанага працоўнага часу, няпоўны дзень. У ААТ «Зеніт» штомесяц прадастаўляюць адзін дадатковы выхадны дзень з захаваннем сярэдняй зарплаты бацькам, якія выхоўваюць двух і больш дзяцей да 16 гадоў, дзіцяці–інваліда, а таксама адзінокім бацькам.

У ААТ «Магілёўаблдарбуд» аказваюць матэрыяльную дапамогу да Дня жанчын і Дня маці ў памеры да 5 базавых велічынь, а таксама прадаўжаюць кантракты з жанчынамі пасля дэкрэта мінімум да дасягнення дзіцем пяці гадоў. У ААТ «Магілёўхімвалакно» прадугледжана штомесячная выплата жанчынам у водпуску па догляду дзіцяці да 3 гадоў у памеры 2 базавых велічынь, а таксама аплатны свабодны дзень для маці з двума дзецьмі да 16 гадоў.


Старшыня абласной арганізацыі прафсаюза работнікаў АПК Уладзімір Пятровіч расказаў, што прадпрыемствы аграпрамысловага комплексу ўключаюць у дагаворы нормы аб прадастаўленні дадатковых аплатных выхадных для бацькоў, якія выхоўваюць дзяцей–інвалідаў, траіх і больш дзяцей, а таксама аб захаванні сярэдняга заработку за цяжарнымі жанчынамі пры пераводзе на лёгкую працу.


Па выніках абмеркавання ўдзельнікі пасяджэння разгледзелі пытанне аб унясенні ў абласное пагадненне дадатковых гарантый для жанчын, якія працуюць.

Пасяджэнне паказала, што ў Магілёўскай вобласці створана сістэмная работа па абароне працоўных правоў жанчын. Яна грунтуецца як на строгім выкананні заканадаўства, так і на пашырэнні сацыяльнага партнёрства паміж наймальнікамі і прафсаюзамі. Асноўная задача сёння – не толькі захаваць дасягнутыя гарантыі, але і працягваць укараняць лепшыя практыкі, каб кожная працуючая жанчына адчувала сябе ўпэўнена і абаронена.

mogilev.1prof.by