Прэм'ера кнігі, карціна па нумарах, хіты на цымбалах і аўтограф–сесіі вядомых артыстаў – усё гэта чакае вас у суботу, 5 верасня, у павільёне БЕЛТА на Дні беларускага пісьменства ў Касцюковічах. Такое сапраўды нельга прапусціць! Расказваем важныя падрабязнасці.

Галоўнай тэмай стане Год беларускай жанчыны – мы пакажам усе грані прыгажосці і таленту беларусак. На працягу дня госці змогуць узяць удзел у мастацкім флэшмобе па маляванні карціны па нумарах, які правядзе магістр мастацтвазнаўства і бібліятэкар Універсітэта НАН Беларусі Лаліта Шыш. Гатовае палатно з яркай і маляўнічай выявай будзе перададзена ў дар гораду Касцюковічы як напамін пра Дзень беларускага пісьменства, які праходзіў тут.

У павільёне БЕЛТА сустрэчу з чытачамі правядзе паэтка, драматург, кіраўнік Магілёўскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Вольга Бялова. Яна падрабязна раскажа, як ствараюцца кнігі, і адкажа на пытанні. Акрамя таго, будзе магчымасць атрымаць на памяць яе кнігу «Модная пчолка» з аўтографам.

Наступны блок мерапрыемстваў пачнецца бліжэй да поўдня. 5 верасня адбудзецца прэзентацыя новай кнігі БЕЛТА, прысвечанай 30–годдзю фестывалю–кірмашу працаўнікоў вёскі «Дажынкі». У выданні сабрана інфармацыя і ўнікальныя фатаграфіі кожнага свята хлебаробаў з 1996 года, калі ў Століне прайшлі першыя ўрачыстыя мерапрыемствы.

Кампазіцыі класікаў і каверы на сусветныя хіты віртуозна сыграе на цымбалах лаўрэат міжнародных конкурсаў Кацярына Каванава.

Пройдзе сустрэча з народным артыстам Беларусі кампазітарам Эдуардам Ханком, які падараваў свету такія несмяротныя шлягеры, як «Малінаўка» і «Завіруха». Эдуард Сямёнавіч не толькі паразмаўляе з удзельнікамі сустрэчы, але і праспявае некалькі папулярных у моладзі хітоў.

Таксама каля павільёна БЕЛТА адбудзецца маштабны флэшмоб з удзелам дзюдаістак Касцюковіцкай ДЮСШ. Дзяўчаты правядуць майстар–класы, дэманструючы дынаміку і тэхніку выканання практыкаванняў рознага ўзроўню.

Кульмінацыяй першага дня стане сустрэча і аўтограф–сесія з заслужанай артысткай Беларусі Ірынай Дарафеевай. Далучайцеся да нас – будзе вельмі душэўна і весела. Да сустрэчы ў павільёне БЕЛТА!

БЕЛТА