Асабісты прыём грамадзян правёў сёння старшыня абласнога Савета дэпутатаў Аляксандр Гарошкін.


На прыём да яго звярнуўся жыхар вёскі Дубінка–2 па пытанні законнасці адмены рашэнняў Магілёўскага райвыканкама Магілёўскім раённым Саветам дэпутатаў.

Мужчына расказаў, што атрымаў дазвол у мясцовых улад, зрабіў праектную дакументацыю і ўладкаваў сажалку на раней невыкарыстоўваемым участку, які зарастаў быльнікам. Аднак пазней у мужчыны ўзнік канфлікт з суседкай, у карыстанні якой знаходзіўся атрыманы ў спадчыну ўчастак па суседстве, не аформлены ёю ў валоданне. Жанчына звярнулася ў суд, які адмяніў рашэнне аб выдзяленні мужчыну зямлі паміж іх участкамі. Складанасць сітуацыі заключаецца ў тым, што на ўчастку ўжо ёсць аб'ект будаўніцтва – сажалка, затрачаны сродкі на яго ўзвядзенне. Мужчына наракае, што раней гэты ўчастак быў недагледжаным, ён прывёў яго ў парадак, атрымаўшы на ўсіх этапах дазволу. І лічыць такое рашэньне незаконным.

Як растлумачылі спецыялісты, якія прысутнічалі на прыёме, судом анулявана дзяржрэгістрацыя, а рашэнне аб дазволе ўладкавання сажалкі засталося ў сіле, таму раённымі ўладамі яно было адменена.


Аляксандр Гарошкін даручыў спецыялістам падрабязна вывучыць акалічнасці справы і ў месячны тэрмін даць мужчыну адказ.

Яшчэ адна заяўніца звярнулася па пытанні стварэння прытулку для бяздомных жывёл. Жанчына расказала, што ўзначальвае дабрачыннае аб'яднанне і прыдатны будынак яны з валанцёрамі ўжо нагледзелі, часткова знайшлі спонсараў. І пацікавілася, ці могуць падключыцца да такой дапамогі прадпрыемствы горада. Жанчыне растлумачылі, што дабрачыннасць – добраахвотная справа і растлумачылі дапушчальныя варыянты.

Таксама на прыём прыйшла магіляўчанка, якая мае домаўладанне па вуліцы Машакоўскай, якое яна выкарыстоўвае як дачу. Увосень, па словах жанчыны, частка ўчастка без яе ведама была канфіскаваная і разараная УКБ, выдаленыя насаджэнні. Прапанаваная кампенсацыя за страчаныя садовыя насаджэнні жанчыну не задавальняе.

Кіраўнік дэпутацкага корпуса паабяцаў узяць сітуацыю на кантроль і дапамагчы жанчыне.

Юлія Таранава, фота Галіны Гаўрыловіч