Рэспубліканская дыктоўка да Дня народнага адзінства пройдзе ў Беларусі 17 верасня. Пра гэта паведамілі ў пресс–службе Міністэрства адукацыі.

Пачнецца дыктоўка ў 11.00. Сёлета імпрэза пройдзе ў традыцыйным фармаце: тэкст будзе дыктаваць вядомы беларускі блогер Андрэй Максімаў.

«Дыктоўка прысвечана патрыятызму, памяці і адзінству нашай краіны. Пляцоўкамі правядзення стануць установы адукацыі па ўсёй краіне. Складанасць тэксту арганізатары ацэньваюць як сярэднюю, таму паспрабаваць свае сілы зможа кожны», – адзначылі ў ведамстве.

Прамая трансляцыя дыктоўкі пройдзе ў 11.00 на рэсурсах moladz.by. Удзельнікі змогуць падключыцца да live–эфіру, запісаць тэкст пад дыктоўку, а пасля завяршэння – праверыць сябе па апублікаваным арыгінале тэксту.

«Рэспубліканская дыктоўка з'яўляецца важным элементам папулярызацыі беларускай мовы і ўмацавання нацыянальнай самасвядомасці, аб'ядноўваючы ўдзельнікаў розных узростаў і прафесій па ўсёй краіне. Далучайцеся да вялікага свята пісьменнасці і адзінства», – запрасілі ў Мінадукацыі.

БЕЛТА