У Магілёўскай вобласці ўпершыню пройдзе рэспубліканская спартакіяда сярод ваенна–патрыятычных клубаў МНС, прымеркаваная да Дня Перамогі. Урачыстае адкрыццё адбудзецца 6 мая ля мемарыяла воінам батальёна міліцыі ў вёсцы Гаі Магілёўскага раёна.

Удзельнікамі спаборніцтваў стануць сем каманд з усіх абласцей рэспублікі. 56 хлопчыкаў і дзяўчынак ва ўзросце ад 14 да 17 гадоў прадэманструюць спрыт, цягавітасць і згуртаванасць. Яны будуць спаборнічаць у шасці конкурсах: стральба з пнеўматычнай зброі, арыентаванне, эстафета ратавальнікаў, КВЗ, сцежка выжывання, водная эстафета.

Як расказалі арганізатары, асноўная мэта спартакіяды — фарміраванне ў маладога пакалення пачуцця патрыятызму і духоўна–маральных каштоўнасцей, цікавасці да службы ў органах і падраздзяленнях па надзвычайных сітуацыях. Такія спаборніцтвы – выдатная магчымасць праверыць сябе на трываласць і атрымаць новыя веды ў галіне бяспекі жыццядзейнасці. Праграма спартакіяды ўключае не толькі этапы ваеннай і спартыўнай падрыхтоўкі, але і мерапрыемствы грамадзянска–патрыятычнага выхавання. Дзеці наведаюць Музей Славы Магілёўшчыны, Буйніцкае поле і прымуць удзел у агульнагарадскіх мерапрыемствах у гонар Дня Перамогі.

СБ