У Пячэрскім лесапарку Магілёва вядуць ачыстку дна вадаёма. Пра гэта расказаў першы намеснік дырэктара – галоўны інжынер камунальнага вытворчага унітарнага прадпрыемства «Магілёўзелянбуд» Васіль Ганевіч.

Вадаём у Пячэрскім лесапарку ўлетку заўсёды карыстаецца папулярнасцю ў гараджан: знаходзячыся ў межах горада, ён прыцягвае ўсіх жадаючых выкупацца і правесці час ля вады. Каб зрабіць адпачынак больш камфортным і бяспечным, было прынята рашэнне пасля заканчэння купальнага сезона пачаць спуск вады з возера. Яшчэ вясной, перад стартам маштабных работ, правялі тэсціраванне сістэм – нават старажылы не ўспомнілі, калі тут апошні раз чысцілі дно.

«Спускаць ваду пачалі ў пачатку кастрычніка – працэс заняў каля двух тыдняў. Цяпер тут працуе спецыялізаваная тэхніка: балотаход і экскаватар з падоўжанай стралой каўша, – адзначыў Васіль Ганевіч. – Ужо ачышчана каля 20% дна вадаёма».

Буйнагабарытнае смецце са дна ўжо вывезлі, зараз працягваецца складаванне паднятых донных адкладаў, каб у хуткім часе вывезці – прыбраць усе абяцаюць ужо ў канцы гэтага ці пачатку наступнага тыдня. Чысцяць не толькі сам вадаём, працы закрануць яшчэ 1 км рэчышча ракі Дубравенкі ўверх па цячэнні. Гэта таксама дасць свой вынік: вада стане чысцей, а акрамя таго, менш ціна і дробнага бруду будзе ісці ў бок фантана на набярэжнай.

«Працы ідуць поўным ходам, яны разлічаны на тры месяцы, – дадаў галоўны інжынер. – Паралельна з гэтым вядзецца дэмантаж пляжнага абсталявання. Будзем спрабаваць рабіць больш спадзістую пляжную зону. А ўвесну – усталёўваць новыя малыя архітэктурныя формы і абсталяванне: лежакі, ценявыя падстрэшкі, кабінкі для перапранання».

Як адзначыў Васіль Ганевіч, усе гэтыя работы ў сукупнасці зробяць адпачынак больш камфортным і бяспечным. Спецыялісты запэўнілі, што прыкладуць максімум намаганняў, каб новы купальны сезон жыхары горада сустрэлі з абноўленым пляжам.

БЕЛТА