У Магілёве адбылася выбарная канферэнцыя абласной асацыяцыі малалетніх вязняў
Канферэнцыя абласной асацыяцыі малалетніх вязняў фашысцкай няволі адбылася сёння ў Магілёве. У мерапрыемстве прынялі ўдзел прадстаўнікі аблвыканкама, ветэранскіх арганізацый, лідэры раённых структур абласной асацыяцыі, малалетнія вязні і запрошаныя госці.

З прывітальным словам выступіла намеснік начальніка ўпраўлення ідэалагічнай работы галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Магілёўскага аблвыканкама Юлія Залога, а таксама старшыня гарадской арганізацыі ветэранаў Зінаіда Пянькова.

Удзельнікі абралі праўленне, старшыню, сакратара і рэвізійную камісію. Быў зацверджаны кіруючы склад у асобе старшыні праўлення Любові Ярмолавай, сакратара Ніны Волчак і старшыні рэвізійнай камісіі Зоі Селіванавай.

«Мае таварышы даверылі мне гэтую пасаду і спадзяюцца на мяне, – падзялілася новаабраны старшыня праўлення. – Нам трэба быць заўсёды разам, адзін аднаму дапамагаць, сустракацца з моладдзю. А мы праводзім шмат мерапрыемстваў – два мерапрыемствы штотыдзень. Так што мы ў страі. Мы выконваем свой абавязак, свае абавязкі. І думаем усё гэта працягваць далей».
Як расказала Любоў Ярмолава, у Магілёве зараз налічваецца 201 малалетні вязень фашысцкай няволі.
«Мы жывая гісторыя.Мы гэта добра разумеем, таму, размаўляючы з дзецьмі, з гэтага і пачынаем.Мы не можам змяніць гісторыю.Мы можам яе перадаваць і казаць пра тыя жахі, якія і мы перажылі, і наша краіна, наша Беларусь. Не казаць пра гэта – гэта здрадзіць, а здрадзіць мы не маем ніякага права. Таму будзем казаць праўду аб тым, што перажыла наша родная Беларусь, што ў ёй загінуў кожны трэці, што больш за 30 тыс. жыхароў горада Магілёва было сагнана ў Нямеччыну і Заходнюю Еўропу на прымусовыя працы. Мы будзем пра гэта казаць і далей, пакуль жывыя», – падсумавала Любоў Ярмолава.
Канферэнцыя прайшла ў рабочай абстаноўцы, парадак дня зацверджаны поўнасцю.
Юлія Таранава, фота Галіны Гаўрыловіч
Переводчик