У Магілёве 5–6 жніўня пройдуць урачыстасці ў гонар свяціцеля Георгія Каніскага. Пра гэта паведамілі ў Магілёўскай епархіі.

Праграма пачнецца 5 жніўня ў 17.00 усяночным трываннем архіерэйскім чынам у Свята–Мікольскім жаночым манастыры.

У Спаса–Праабражэнскім катэдральным саборы 6 жніўня адбудзецца Боская літургія. Набажэнства ўзначаляць мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі і архірэі Беларускай праваслаўнай царквы. Пасля літургіі ля помніка свяціцелю ў парку Падміколлі пройдзе малебен.

«Жыццё і дзейнасць Георгія Каніскага цесна звязана з Беларуссю. Ён быў архіепіскапам Магілёўскім, Мсціслаўскім і Аршанскім, стаяў ля вытокаў стварэння Мінскай і Слуцкай епархій, выступаў у абарону беларускага праваслаўнага насельніцтва, быў вядомы як выдатны прапаведнік, філосаф і пісьменнік», – адзначылі ў Магілёўскай епархіі.

Георгій Каніскі (у свеце Рыгор Асіповіч) нарадзіўся ў 1717 годзе. У Магілёў ён прыбыў у 1755 годзе пасля прызначэння епіскапам. Тут адкрыў друкарню, сабраў унікальны архіў дакументаў па гісторыі праваслаўнай царквы і стаў ініцыятарам стварэння Духоўнай семінарыі. Яго літаратурная спадчына ўключае каля 80 прамоў і пропаведзяў. Аляксандр Пушкін называў Георгія Каніскага адным з самых памятных мужоў мінулага стагоддзя.

Памёр свяціцель у 1795 годзе, пахаваны ў Спаскай царкве Магілёва. У 1993 годзе ён быў кананізаваны і прылічаны да ліку святых.

БЕЛТА