Вялікае свята для маленькіх гараджан. У Магілёве адкрылі новую дзіцячую пляцоўку
Парад калясак, сямейная спартакіяда, аніматары і канцэртная праграма – вялікае свята двара разгарнулася сёння па вуліцы Куцепава ў Магілёве. Тут адкрылі новую дзіцячую пляцоўку.

З просьбай уладкаваць сучасную гульнявую зону тут да адміністрацыі Кастрычніцкага раёна Магілёва звярнуліся мясцовыя жыхары.
«Тут была старая пляцоўка, невялікі стадыён для гульні ў футбол. Усё гэта было ўжо ў зношаным стане. Мы прыслухаліся да нашых жыхароў і пачалі працаваць. Атрымалася сучасная класная пляцоўка, дзе могуць гуляць дзеці, а на футбольна–баскетбольнай пляцоўцы займацца спортам падлеткі і дарослыя, – адзначыў кіраўнік адміністрацыі Кастрычніцкага раёна Пётр Салаўёў. – Я ўпэўнены, што новая гульнявая зона не будзе пуставаць, таму што тут і ў бліжэйшых дамах пражывае шмат дзяцей».


На сённяшні дзень новая пляцоўка па адрасе Куцепава, 40 стала сёмай па ліку ў гэтым раёне горада. «Яшчэ адна будзе на вуліцы Маўчанскага – гэтыя пляцоўкі абсталяваны за бюджэтныя сродкі. Дапамагаюць нам у стварэнні такіх зон і спонсары – за іх сродкі мы ўладкавалі пляцоўку па вуліцы Акадэміка Паўлава, аплацілі абсталяванне для яшчэ чатырох новых пляцовак, – распавёў ён. – Мы стараліся паспець усе працы па вуліцы Куцепава завяршыць да 3 ліпеня, каб зладзіць тут для жыхароў сапраўднае свята напярэдадні Дня Незалежнасці. Гэта не толькі падарунак для магіляўчан, але і напамін аб тым, што ў нашай краіне робіцца ўсё для дзяцей, для стварэння камфортных і бяспечных умоў для нашых грамадзян.».



Сярод тых, хто звяртаўся ў адміністрацыю з просьбай прывесці ў парадак гульнявую зону ў двары дома, – мясцовая жыхарка Галіна Альшэўская. «Мы калектыўна звярнуліся, папыталі неяк добраўпарадкаваць гэтую частку двара. І нас пачулі, – дзеліцца жанчына. – Ведаеце, калі параўнаць тое, што тут было і ёсць зараз, – гэта проста неба і зямля. Выдатная атрымалася пляцоўка. Хочацца падзякаваць усім, хто тут працаваў, хто ўклаў сваю працу і час у стварэнне такой прыгажосці для нас і нашых дзяцей. Цяпер наша задача – берагчы ўсё гэта».
Адкрыў свята двара парад калясак – дзіцячыя сады Кастрычніцкага раёна прадставілі два дзясяткі упрыгожаных «транспартных сродкаў». А галоўнай тэмай парада і конкурсу стала тэма Беларусі. І кожная сям'я інтэрпрэтавала яе па–свойму. Так, напрыклад, маладыя муж і жонка Павел і Валерыя Юркевіч з дачкой Сафіяй прадставілі каляску з адным з самых вядомых брэндаў Магілёва – Зоркалікам.


«Мы ходзім у дзіцячы садок №103. Вырашылі прадставіць на конкурс нашага Зоркаліка – аднаго з самых вядомых сімвалаў Магілёва. Ды і нідзе больш не сустрэнеш такую скульптуру, такі Зоркалік ёсць толькі ў Магілёве», – распавялі муж і жонка.
Павел Юркевіч падзяліўся сваімі ўражаннямі ад ператварэння горада за апошні час. «Наш горад вельмі моцна змяніўся, набыў яшчэ больш яркіх фарбаў, стаў яшчэ прыгажэйшым. Да нас прыязджаюць сябры з іншых гарадоў, таксама зазначаюць, што ў нас вельмі прыгожы горад. Ёсць шмат месцаў, дзе можна правесці час з дзіцем, сям'ёй, сябрамі. І гэта вельмі выдатна», – распавёў магіляўчанін.
Парад атрымаўся яркім і маляўнічым. І нягледзячы на спякоту, настрой ва ўсіх быў выдатны – шмат музыкі і актыўнасцяў, гульні на свежым паветры. Разыходзіцца ніхто не спяшаўся.


Працягнулася свята сямейнай спартакіядай. У ліку ўдзельнікаў – Ясенія Марчанка з мамай Галінай і сястрой Палінай.
«Я займаюся плаваннем і танцамі, добра вучуся ў школе, – расказвае юная спартсменка Ясенія. – Цяпер вакацыі, можна праводзіць больш часу з сябрамі, гуляць і адпачываць. І сёння вырашылі не сядзець дома – хоць і горача, хочацца, каб кожны летні дзень быў яркім і цікавым».
Маці дзяўчынкі Галіна падкрэсліла, што для камфортнага і бяспечнага адпачынку дзяцей у горадзе робіцца шмат. «Вельмі выдатна, што нашая дзяржава працягвае свой сацыяльны курс. Для дзяцей ёсць усе ўмовы для вучобы, рэалізацыі ў спорце і творчасці, для класнага адпачынку. Столькі прыгажосці для нас робяць, адчыняюць пляцоўкі, добраўпарадкоўваюць двары, з'яўляюцца новыя кропкі прыцягнення. Хочацца падзякаваць усім, хто робіць гэтую працу, – сказала яна. – Дык здорава жыць у нашым Магілёве! Мы любім свой горад!»

На свята двара прыехаў і старшыня Магілёўскага гарвыканкама Сяргей Чарткоў. Ён павіншаваў усіх з надыходзячым Днём Незалежнасці.
«У гэтым годзе мы адкрыем 16 новых пляцовак за бюджэтныя сродкі і яшчэ столькі ж – дзякуючы спонсарскай падтрымцы. Большая частка такіх пляцовак робіцца па зваротах грамадзян, – адзначыў Сяргей Чарткоў. – Усё гэта робіцца дзякуючы падтрымцы аблвыканкама. І робім мы гэта для таго, каб стварыць камфортныя ўмовы для жыцця гараджан. Каб і моладзь, і маладое пакаленне, і дарослыя звязвалі сваё жыццё і будучыню з родным Магілёвам, з нашай краінай. Такую сацыяльную палітыку нашай дзяржавы мы будзем працягваць».
Переводчик